Саміт еўразійскіх лідараў хочуць правесці ў Мінску

У Мінску ў канцы 2027 года можа адбыцца саміт еўразійскіх лідараў. Яго збяруць для зацвярджэння Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў ХХI стагоддзі. Пра гэта заявіў пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў.

“Узгоднены варыянт хартыі мяркуецца вынесці на саміт еўразійскіх лідараў, які папярэдне намечаны на кастрычнік-снежань 2027 года ў Мінску”, — сказаў ён, перадае БелТА.

Тэксту самой хартыі, якую хочуць прасоўваць МЗС Беларусі і Расіі, пакуль няма. Аднак у найбліжэйшы час плануецца “сабраць аднадумцаў і пачаць працаваць над канкрэтнымі фармулёўкамі на аснове дыскусій, якія апошнія пару-тройку гадоў праходзілі на розных пляцоўках”. Адной з такіх пляцовак з’яўляецца Мінская міжнародная канферэнцыя па еўразійскай бяспецы.

Паводле слоў Селіверстава, запусціць перамоўны працэс па распрацоўцы хартыі збіраюцца ў верасні.

“У верасні 2026 года на палях тыдня высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН плануецца правесці міністэрскую сустрэчу для афіцыйнага запуску перамоўнага працэсу па распрацоўцы Еўразійскай хартыі”, — сказаў ён.

Сама хартыя, паводле слоў пасла па асаблівых даручэннях МЗС Расіі Аляксандра Трафімава, абмяркоўваецца з краінамі ШАС, уключаючы Кітай, Іранам, краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі.

“Трошкі яна, можа быць, ускладнілася з блізкаўсходнікамі, хоць яна таксама ідзе. З усёй Еўразіяй, хто адкрыты да канструктыўнага дыялогу з намі, мы стараемся весці дыскусіі”, — сказаў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!