Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўпаўнаважана размеркаваць тарыфныя квоты на ўвоз рысу з В’етнама ў 2026 годзе. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Саўміна №26 ад 16 студзеня, якой МАРГ надзелены такімі паўнамоцтвамі.
Міністэрства да 10 лютага павінна размеркаваць 70% тарыфнай квоты на гэты год паміж імпарцёрамі прапарцыянальна ўвезеным імі аб’ёмам збожжавай культуры ў 2023–2025 гадах. Да 30 лістапада будуць размеркаваны астатнія 30% квоты на падставе заяў імпарцёраў.
У гэтым годзе Беларусь, згодна з рашэннем ЕЭК, зможа бяспошлінна ўвезці 2042 т даўгазернага рысу з В’етнама. У параўнанні з 2025 годам квота зніжана на 405 т.