Саўмін абнавіў склад камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння

Савет міністраў пастановай №245 ад 14 мая абнавіў склад камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння. Пастанова сёння афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Калі раней склад камісіі быў персанальным, то цяпер яе члены будуць уваходзіць у яе паводле займанай пасады. Узначальваць яе будзе першы намеснік прэм’ер-міністра, яго намеснікам у камісіі будзе першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Сакратаром камісіі з’яўляецца намеснік начальніка аналітычнага ўпраўлення МАРГ.

Акрамя таго, у склад уваходзяць намеснікі кіраўнікоў Белстата, Нацбанка, Мінфіна, Мінэканомікі, аблвыканкамаў, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама і намеснік старшыні ФПБ.

Камісія ўпаўнаважаная цяпер разглядаць тры віды пытанняў:

  • удасканаленне ажыццяўляемага рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам рэгулявання цэнаўтварэння;
  • рэалізацыя рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам вызначаных заканадаўствам правоў і абавязкаў па рэгуляванні цэн (тарыфаў) на тавары (работы, паслугі);
  • аналіз цэн (тарыфаў) на тавары (паслугі) суб’ектаў натуральных манаполій.

Раней камісія таксама была ўпаўнаважаная разглядаць вынікі праверак дзяржорганаў і дзяржарганізацый па рэгуляванні цэнаўтварэння, а таксама праекты нарматыўных актаў па пытаннях цэнаўтварэння.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!