Рыжанкоў адправіўся ў Нью-Ёрк на Генасамблею ААН

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў накіраваўся ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў мерапрыемствах высокага ўзроўню 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Як заявілі ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства, ён выступіць на пасяджэнні Генасамблеі, возьме ўдзел у тэматычных мерапрыемствах і правядзе “дзясяткі двухбаковых сустрэч”, у тым ліку з кіраўніцтвам ААН.

Таксама кіраўнік беларускага МЗС мае намер узяць удзел у запуску перамоўнага працэсу па праекце Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі і даць “поўнафарматнае інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву”.

Паралельна ў Нью-Ёрку ў рамках тыдня высокага ўзроўню Генасамблеі ААН будзе знаходзіцца Святлана Ціханоўская. У яе праграме заяўленыя сустрэчы з міжнароднымі партнёрамі і мерапрыемства па Беларусі з удзелам прадстаўнікоў іншых краін.