Светлана Тихановская во время 79-й сессии Генеральной Ассамблеи ООН в Нью-Йорке. Фото: tsikhanouskaya.org
У Офісе Святланы Ціханоўскай назвалі тры асноўныя мэты яе ўдзелу ў 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Сярод іх — правядзенне мерапрыемства высокага ўзроўню з удзелам міністраў замежных спраў па Беларусі, усталяванне кантактаў з новымі палітыкамі і прадстаўнікамі іншых краін, а таксама «кулуарная дыпламатыя».
Адна з асноўных тэм, якую мае намер прасоўваць каманда лідаркі дэмсіл, — Беларусь у кантэксце рэгіянальнай і сусветнай бяспекі. У Офісе Ціханоўскай лічаць важным, каб пры абмеркаванні магчымых шляхоў завяршэння вайны ва Украіне Беларусь таксама заставалася ў міжнародным парадку дня і разглядалася як частка пытанняў рэгіянальнай бяспекі.
«Для нас важна, каб Беларусь не стала своеасаблівым “суцяшальным прызам” і каб пры пошуку шляхоў завяршэння вайны ва Украіне беларускае пытанне таксама заставалася на парадку дня», — заявілі ў Офісе Ціханоўскай.
Якое пытанне пра Беларусь найбольш складана і важна данесці міжнародным партнёрам?
Самым важным пытаннем, якое дэлегацыя плануе данесці міжнародным партнёрам, называецца неабходнасць сур’ёзнага ўключэння Беларусі ў сістэму рэгіянальнай бяспекі.
“Каб пра Беларусь не забывалі ў больш шырокім геапалітычным кантэксце і не разглядалі беларускае пытанне выключна праз прызму гуманітарнай сітуацыі. Важна таксама гаварыць пра будучыню Беларусі, пра транзіт улады, дэмакратызацыю краіны і яе месца ў рэгіянальнай бяспецы”, — заявілі ў Офісе.