Беларусь і Расія на палях Генасамблеі ААН хочуць абмеркаваць перамовы па Еўразійскай хартыі разнастайнасці

У Мінску 10 верасня прайшлі беларуска-расійскія кансультацыі па пытаннях еўразійскай бяспекі і распрацоўцы Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.

Як паведамілі у МЗС Беларусі, бакі падвялі вынікі сумеснай працы па прасоўванні канцэпцыі Хартыі ў 2026 годзе і абмеркавалі падрыхтоўку міністэрскай сустрэчы, на якой плануецца запусціць перамоўны працэс па дакуменце. Паводле інфармацыі ведамства, яна адбудзецца 25 верасня на палях 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Таксама ўдзельнікі кансультацый разгледзелі арганізацыю далейшых перамоў па Хартыі.

У рамках кансультацый намеснік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сакрэта сустрэўся з кіраўніком расійскай дэлегацыі, паслом па асаблівых даручэннях МЗС Расіі Аляксандрам Трафімавым.

“Намеснік Міністра ў цэлым станоўча ацаніў узаемадзеянне Беларусі і Расіі ў справе прасоўвання беларускай ініцыятывы з моманту яе вылучэння ў 2023 годзе і выказаў шэраг прапаноў для абмеркавання на кансультацыях”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!