Румынія выслала расійскага дыпламата

27 ліпеня МЗС Румыніі выклікаў расійскага пасла і выказаў яму пратэст у сувязі з залётам расійскіх беспілотнікаў у Румынію. Адзін з супрацоўнікаў расійскай дыпмісіі быў абвешчаны персонай нон грата.

Расійскага пасла выклікалі ў сувязі з парушэннем румынскай паветранай прасторы расійскімі дронамі 24-26 ліпеня. За гэты перыяд Румынія збіла тры расійскія беспілотнікі.

Паслу прадэманстравалі фрагменты дрона, знішчанага на тэрыторыі Румыніі. Праведзенае пракуратурай расследаванне афіцыйна пацвердзіла, што гэтыя кампаненты маюць расійскае паходжанне, адзначае МЗС Румыніі.

Расійскаму паслу быў выказаны рашучы пратэст у сувязі з інцыдэнтамі.

«Было падкрэслена, што працяг парушэнняў паветранай прасторы Румыніі з боку Расійскай Федэрацыі з’яўляецца абсалютна недапушчальным і непрымальным, паколькі паветраная прастора Румыніі адначасова з’яўляецца паветранай прасторай NATO і Еўрапейскага саюза. Румынскі бок адзначыў, што Расійская Федэрацыя нясе выключную адказнасць за ўсе гэтыя сур’ёзныя інцыдэнты і за пагаршэнне рэгіянальнай абстаноўкі ў сферы бяспекі», — заяўляе МЗС Румыніі.

Румынія абвясціла аднаго з супрацоўнікаў расійскай дыпмісіі ў Бухарэсце персонай нон грата. Ён павінен пакінуць краіну на працягу пяці дзён.

Румынія таксама выклікае свайго пасла ў Расіі ў Бухарэст для кансультацый.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!