Рэкордныя складскія запасы працягнулі расці ў лютым

Складскія запасы ў прамысловасці працягнулі расці ў лютым, абнавіўшы рэкорд. За мінулы месяц яны павялічыліся на 1,3%, або на 156,77 млн рублёў, да 12,2 млрд рублёў.

Запасы ў апрацоўчай прамысловасці пры гэтым павялічыліся на 152,8 млн рублёў да 12,1 млрд рублёў.

Сярод абласцей найбольшыя запасы былі назапашаны ў Мінскай вобласці. Яны складалі 2,85 млрд рублёў, далей ідзе Мінск з 2,5 млрд рублёў складскіх запасаў. Ва ўсіх рэгіёнах запасы перавышалі 1 млрд рублёў.

За год складскія запасы выраслі на 17,65%, або на 1,82 млрд рублёў.

Узровень запасаў на 1 сакавіка склаў 90,6% ад сярэднемесячных аб’ёмаў вытворчасці. У апрацоўчай прамысловасці ён дасягнуў 108,6% ад сярэднемесячных аб’ёмаў вытворчасці. Трэба адзначыць, што рост запасаў назіраецца на фоне далейшага зніжэння аб’ёмаў выпуску.

За год узровень складскіх запасаў вырас на 14,9 п.п. у цэлым па краіне, а ў апрацоўчай прамысловасці — на 20,4%.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!