Фото: unsplash.com
Расійскія вінаробы хацелі б атрымаць асаблівы статус для расійскага віна ў Беларусі дзеля павелічэння паставак. Свае прапановы прадстаўнікі Асацыяцыі вінаградараў і вінаробаў Расіі агучылі на «Днях рытэйлу ў Мінску», паведамляе РБК.
«Асацыяцыя вінаградараў і вінаробаў Расіі выступае за адмену квот у дачыненні да вінаў, маркіраваных знакам „Віно Расіі“, а таксама за выдзяленне расійскага віна ў асобную катэгорыю рэгулявання ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта дазволіць улічваць яго асаблівы статус як цалкам кантраляванага прадукту і будзе спрыяць развіццю ўзаемнага гандлю паміж нашымі краінамі», — заявіў кіраўнік Цэнтра падтрымкі экспарту АВВР Павел Маёраў.
Паводле яго слоў, цяпер расійскае віно сутыкаецца на беларускім рынку з шэрагам абмежаванняў. У Беларусі прадаецца 1,5–2 млн літраў расійскага віна на год. Расіяне бачаць патэнцыял паставак сваёй прадукцыі да 18 млн літраў.
Пры гэтым іх па-ранейшаму непакоіць, што беларускія вытворцы працягваюць працаваць з вінаматэрыяламі з Еўропы.