Расіяніна аштрафавалі ў Смаленскай вобласці за SMS беларускаму сілавіку ў 2020 годзе

Грамадзяніна Расіі прыцягнулі да адказнасці за SMS, адпраўленае беларускаму сілавіку ў 2020 годзе. Пра гэта распавялі ў беларускай Генпракуратуры.

Паводле яе версіі, расіянін, знаходзячыся на тэрыторыі Смаленскай вобласці, праз інтэрнэт адправіў “на абаненцкі нумар вайскоўца ўнутраных войскаў МУС Беларусі SMS-паведамленне з пагрозай прымянення гвалту ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў па спыненні масавых беспарадкаў з боку групы радыкальна настроеных грамадзян адносна дзейнай улады ў рэспубліцы”. Нагадаем, жорсткае падаўленне дэманстрацый у Беларусі пасля выбараў 2020 года выклікала абурэнне, якое многія выказвалі ў рознай форме.

Асобу мужчыны ўстанавілі расійскія сілавікі па просьбе беларускіх калег. Аднак экстрадаваць яго было немагчыма з-за наяўнасці расійскага грамадзянства.

“З улікам дадзеных абставін, на падставе Канвенцыі дзяржаў – удзельніц СНД аб прававой дапамозе і прававых адносінах па грамадзянскіх, сямейных і крымінальных справах ад 7 кастрычніка 2002 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь перадала далейшае крымінальнае пераследаванне ўказанай асобы разам з матэрыяламі крымінальнай справы кампетэнтным органам Расійскай Федэрацыі.

У ходзе папярэдняга расследавання мужчына прызнаў сваю віну ў інкрымінаваным яму злачынстве ў поўным аб’ёме і раскаяўся ў зробленым”, – гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

У выніку Сафонаўскі раённы суд Смаленскай вобласці прызнаў мужчыну вінаватым у пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў і прысудзіў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 50 тыс. расійскіх рублёў. Таксама на карысць беларускага сілавіка была спагнана кампенсацыя маральнай шкоды ў суме 100 тыс. расійскіх рублёў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!