Фото: ГСЧС Украины
Расія выпусціла па Украіне 546 ракет і дронаў. Асноўным напрамкам удару былі Дняпро і вобласць. Таксама атакаваныя Адэса, Чарнігаўская і Запарожская вобласці, паведамілі Паветраныя сілы УСУ.
Расійскі бок ужыў 14 балістычных ракет “Іскандэр-М”, 8 крылатых ракет “Іскандэр-К” і 524 беспілотнікі розных тыпаў.
Украінская СПА змагла нейтралізаваць 507 цэляў, у тым ліку 503 беспілотнікі і чатыры крылатыя ракеты.
Зафіксаваныя трапленні 18 ракет і 16 беспілотнікаў у 34 лакацыях, а таксама падзенне абломкаў у адзінаццаці.
У Дняпры і вобласці, паводле даных ДСНС Украіны, пацярпелі 26 чалавек, у тым ліку двое дзяцей. У Дняпры адбыліся пажары ў жылых дамах і навучальнай установе. Пашкоджаныя шматкватэрныя дамы, рэлігійная ўстанова, прадпрыемствы. Таксама пашкоджанні інфраструктуры і прадпрыемстваў ёсць у Крывым Рогу і раёнах вобласці.
У Чарнігаўскай вобласці пацярпелі два чалавекі, яны шпіталізаваныя. Пашкоджаныя жылыя дамы, аўтамабілі і інш. аб’екты.
У Адэсе пад ударам апынуліся жылыя кварталы, ёсць пацярпелыя, у тым ліку 11-гадовае дзіця.