Расія гатовая знізіць патрабаванні да паліва для насычэння рынку

Урад Расіі можа пайсці на арыгінальны крок для пераадолення паліўнага крызісу, выкліканага атакамі на НПЗ.

Як піша «Коммерсантъ», урад разглядае магчымасць дазволіць выпуск бензіну і дызельнага паліва са зніжэннем стандартаў аж да «Еўра-2». Таксама можа быць дазволены імпарт такога бензіну. Паніжаныя патрабаванні да паліва могуць увесці тэрмінам на адзін год.

Журналісты выдання азнаёміліся з праектам адпаведнай пастановы. Афіцыйна ва ўрадзе гэтую ідэю не каментуюць.

Продаж паліва стандарту «Еўра-2» у Расіі быў забаронены з 2013 года. Раней у РФ ужо дазволілі шэрагу НПЗ выпускаць бензін класа «Еўра-3».

Як растлумачылі выданню эксперты, «Еўра-2» дазваляе выкарыстоўваць нафту ў якасці асновы без глыбокай перапрацоўкі, задзейнічаць магутнасці, якія не могуць выпускаць больш якаснае паліва, і істотна спрасціць вытворчы працэс. Такое рашэнне можа павялічыць вытворчасць бензіну на сотні тысяч тон у месяц. Пры гэтым выкарыстанне паліва стандарту «Еўра-2» можа быць шкодным для сучасных аўтамабіляў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!