Расія ўдарыла па Кіеўскай вобласці. Загінулі бабуля з дзядулем і іх унук

У ноч з 7 на 8 жніўня Расія ўдарыла па Украіне шасцю балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» і зенітнымі кіраванымі ракетамі С-400 з Бранскай вобласці, а таксама запусціла 151 ударны дрон. Зафіксавана траплянне ракет і дронаў па 13 лакацыях і падзенне абломкаў у 7 лакацыях. Частка ракет не дасягнула мэт, паведамляе Генштаб УСУ.

У Броварскім раёне Кіеўскай вобласці ад удару па жылым доме загінулі тры чалавекі: бабуля з дзядулем і іх трохгадовы ўнук. Шпіталізаваны чатыры чалавекі: бацькі дзіцяці, яго 15-гадовы брат і сусед, які прыйшоў на дапамогу сям’і і быў паранены падчас другога ўдару, паведамляе Уладзімір Зяленскі.

«Гэта быў звычайны жылы будынак. Не маглі гэтага не ведаць расіяне», — падкрэсліў Зяленскі.

Абломкамі, якія ўпалі, пашкоджаны прыватны жылы дом, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабілі.

У Галасееўскім раёне Кіева ў выніку ўдараў загарэліся гаражы і нежылое памяшканне з кардонам. У Абалонскім раёне гарэла прадпрыемства, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях.

Па грамадзянскай інфраструктуры Кіева было выпушчана шэсць балістычных ракет. Вядома пра аднаго загінулага.

У Сумскай вобласці пад атаку трапіў цягнік Сумы – Кіеў. Цягніковая брыгада своечасова эвакуявала пасажыраў на бяспечную адлегласць. Пацярпелых няма. Беспілотнік ударыў па лакаматыве. Пашкоджаны адзін з вагонаў цягніка, паведамляе «Укрзалізниця».

Фота: ДСНС
Фота: ДСНС
Фота: ДСНС
Фота: ДСНС
Фота: ДСНС
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!