Фото: Agnès PAUL-JOSEPH, unsplash.com
Рассельгаснагляд абмяжоўвае ўвоз вішні, чарэшні, абрыкосаў, сліў, персікаў, нектарынаў і вінаграду з Арменіі з 2 чэрвеня. Таксама забараняецца іх транзіт праз тэрыторыю Расіі ў краіны ЕАЭС.
Расійскае ведамства заяўляе пра пачашчэнне выпадкаў выяўлення каранцінных аб’ектаў у армянскай садавіне. Расійскі бок звязвае гэта з ліквідацыяй Міністэрства сельскай гаспадаркі ў Арменіі.
«Пачашчэнне выпадкаў выяўленняў сведчыць пра наступствы ліквідацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі Арменіі, у выніку структурнай рэформы паўнамоцтвы былі ўскладзены на Міністэрства эканомікі.
Улічваючы тое, што апошнім часам прадукцыя, якая пастаўляецца з Арменіі, не адпавядае фітасанітарным патрабаванням ЕАЭС і Расіі, можна меркаваць, што Міністэрства эканомікі Арменіі адчувае структурныя праблемы і не спраўляецца з паўнамоцтвамі, ускладзенымі на яго пасля скасавання Мінсельгаса», — заяўляе Рассельгаснагляд.
Раней Расія забараніла ўвоз з Арменіі свежых таматаў, агуркоў, перцаў, зеляніны, клубніц, кветак, мінеральнай вады, каньяку і він ад трох армянскіх вытворцаў.
Ціск на Арменію з боку Расіі ўзмацніўся ў адказ на курс Ерэвана на збліжэнне з Еўрасаюзам. Таксама краіны ЕАЭС заявілі пра неабходнасць правесці ў Арменіі рэферэндум аб уступленні ў Еўрасаюз або далейшым знаходжанні ў складзе ЕАЭС. Расія адклікала з Арменіі свайго пасла для кансультацый.