«Беларуснафта» назвала фэйкам інфармацыю пра абмежаванні на продаж паліва на памежных АЗС

Кампанія «Беларуснафта» заявіла, што дэфіцыту паліва на яе аўтазаправачных станцыях няма, і абвергла паведамленні пра ўвядзенне абмежаванняў на продаж паліва на памежных АЗС.

Як сцвярджае намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Сяргей Каморнікаў, адзінае змяненне на прыгранічных запраўках Віцебскай вобласці датычыцца парадку абслугоўвання: кіроўцы павінны спачатку аплаціць паліва, а затым заправіць аўтамабіль.

«Ва ўсім астатнім — усё як звычайна», — запэўніў прадстаўнік кампаніі.

Нагадаем, раней праваабарончы праект Mayday.Team размясціў інфармацыю, што на АЗС у гарадскім пасёлку Езярышча Віцебскай вобласці, размешчанай недалёка ад мяжы з Расіяй, нібыта ўвялі абмежаванне на адпуск паліва не больш як 20 літраў на аўтамабіль.

Паводле сцвярджэння рэсурсу, работнікі станцыі тлумачылі гэта ўказаннем не запраўляць аўтамабілі да поўнага бака і не адпускаць паліва ў каністры праз павышаны попыт з боку кіроўцаў, якія накіроўваюцца ў Расію.

Выява: t.me/Belorusneft_official
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!