“Расатам” можа стварыць у Беларусі Цэнтр ядзернай медыцыны

“Расатам” можа стварыць у Беларусі Цэнтр ядзернай медыцыны. Таксама карпарацыя плануе пастаўкі назапашвальнікаў энергіі для БелАЗа і МАЗа. Пра гэта расказаў гендырэктар “Расатама” Аляксей Ліхачоў, які сёння сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным.

Паводле слоў Ліхачова, перамовы па стварэнні Цэнтра ядзернай медыцыны знаходзяцца на фінальнай стадыі. Гаворка ідзе не проста пра пастаўкі радыеізатопаў або радыефармпрэпаратаў, а пра стварэнне цэлага кластара. Ліхачоў лічыць, што ён “дазволіць вывесці на новы ўзровень і барацьбу з анкалогіяй, і прафілактыку і лячэнне кардыялагічных, неўралагічных захворванняў”.

Яшчэ адзін напрамак – электратранспарт.

“Мы сёння зафіксавалі дамоўленасці ў частцы не толькі паставак назапашвальнікаў энергіі на БЕЛАЗ, на МАЗ для новай лінейкі прадукцыі гэтых аўтамабільных прадпрыемстваў, але і такія больш глыбінныя распрацоўкі, якія мы будзем рабіць з прыцягненнем у тым ліку расійскага бізнесу, у прыватнасці “Нарнікеля”. І ў нас вялікія планы па электраруху, вялікія планы па назапашвальніках электраэнергіі”, – дадаў ён.

Таксама тэмай сённяшніх перамоваў стала будаўніцтва трэцяга блока БелАЭС.