Фото: пресс-служба правительства Беларуси
Лакалізацыя трэцяга энергаблока БелАЭС можа вырасці. Пра гэта заявіў гендырэктар “Расатама” Аляксей Ліхачоў па выніках сустрэчы з прэм’ер-міністрам Беларусі Аляксандрам Турчыным. Падчас перамоваў абмяркоўваліся тэхнічнае аблічча трэцяга блока і фінансы.
“Вядзём размовы пра пашырэнне супрацоўніцтва ў атамнай сферы. У дадзеным выпадку сёння ў нас былі абмеркаваныя са старшынёй урада Беларусі і тэхнічнае аблічча трэцяга блока, і яго фінансава-эканамічная мадэль, і арганізацыйная мадэль.
Напэўна, яшчэ не прыйшоў час, каб цалкам рабіць аб’явы пра фінальныя вынікі, але мы да іх надзвычай блізкія. Будзем рабіць усё, каб яшчэ павялічыць удзельную вагу лакалізацыі, ролю беларускіх партнёраў у рэалізацыі гэтага праекта і ў тэхнічным абліччы, і фінансава-эканамічнай мадэлі”, – сказаў Ліхачоў, перадае ТАСС.
Раней беларускае Мінэнерга паведамляла, што падрыхтаваны праект пагаднення з “Расатамам” аб будаўніцтве трэцяга энергаблока. Рамачныя дакументы хочуць падпісаць да канца гэтага года.
“Усе найлепшыя практыкі, якія мы ўжываем для сябе, мы ўжываем, натуральна, паралельна з гэтым і ў Беларусі. Вось з прынцыпам: будуем як сабе, эксплуатуем як у сябе, мы з ім жывём, – гэта стала нашым канонам. Вядома, усю гэтую прастору ад тэхнічнага аблічча да фінмадэлі мы рыхтуем для даклада кіраўнікам дзяржаў.
Супрацоўніцтва ў атамнай сферы заўсёды настолькі адчувальнае, давернае, што канчатковыя рашэнні прымаюць першыя асобы, і мы павінны яшчэ папрацаваць, каб сапраўды нашы прэзідэнты прынялі рашэнне, аптымальнае для нашых грамадзян, аптымальнае для нашых эканомік, для нашых прадпрыемстваў, якое стане сапраўды чарговым узорам і прыкладам для пераймання для многіх краін”, – дадаў Ліхачоў.
Кіраўнік “Расатама” таксама адзначыў, што беларускія спецыялісты адыгралі значную ролю ў рэалізацыі праекта будаўніцтва АЭС “Рупур” у Бангладэш. Неўзабаве павінен адбыцца энергетычны пуск гэтай станцыі.