Фото: kremlin.ru
2 сакавіка прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам ААЭ Мухамедам Бен Заідам Аль Нахаянам, эмірам Катара Тамімам Бен Хамадам Аль Тані, каралём Бахрэйна Хамадам Бен Ісой Аль Халіфай.
З усімі суразмоўцамі абмяркоўвалася сітуацыя вакол Ірана.
У размове з прэзідэнтам ААЭ Пуцін заявіў, што Расія «шмат зрабіла ў плане садзейнічання мірнаму ўрэгуляванню сітуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы і пошуку ўзаемапрымальных кампрамісаў», і адзначыў ролю ААЭ ў гэтым працэсе. Пуцін падкрэсліў, што ўсе напрацоўкі «былі сарваны ў выніку несправакаванага акта ўзброенай агрэсіі» з боку ЗША і Ізраіля.
Прэзідэнт ААЭ падкрэсліў, што ўдары Ірана наносяць шкоду краіне і ствараюць пагрозу мірным жыхарам. Ён адзначыў, што ўдары Ірана па ААЭ нічым не апраўданыя, бо тэрыторыя краіны не выкарыстоўваецца як плацдарм для атак на Іран.
Пуцін выказаў гатоўнасць перадаць гэтыя сігналы Ірану і «ў цэлым аказаць магчымае садзейнічанне ў мэтах стабілізацыі агульнай абстаноўкі ў рэгіёне», паведамляе прэс-служба Крамля.
У размове з эмірам Катара бакі выказалі «заклапочанасць рызыкамі пашырэння канфлікту і небяспекай уцягвання ў яго трэціх краін».
«Пры гэтым выказана надзея, што адказныя іранскія дзеянні не будуць наносіць шкоды мірным жыхарам і грамадзянскай інфраструктуры суседніх краін, уключаючы аб’екты турыстычнай і транспартнай галін», — заяўляе Крэмль.
У размове з каралём Бахрэйна Пуцін назваў атаку Ізраіля і ЗША абуральным парушэннем міжнароднага права. Бакі акцэнтавалі «неабходнасць як найхутчэйшага спынення баявых дзеянняў, каб не дапусціць поўнага выхаду сітуацыі з-пад кантролю і вярнуць яе ў палітыка-дыпламатычнае рэчышча».