Беларусь і Расія запусцяць прыгранічныя чыгуначныя перавозкі цягам некалькіх месяцаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы.
Ён таксама заявіў пра “жыццёвую неабходнасць развіваць адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства” паміж дзвюма краінамі.
«Геапалітычны расклад аб’ектыўна ставіць перад намі задачу быць гатовымі сумесна рэагаваць на любыя выклікі. Пачата практычная рэалізацыя Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У снежні заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі, як мы з вамі і дамовіліся, ракетны комплекс «Арэшнік».
Мы зладжана працуем у знешняй палітыцы. Падпісанне сёння Дырэктывы аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя стане важным крокам па абароне агульных інтарэсаў, непахіснасці міжнароднага права і яго інстытутаў», – сказаў Лукашэнка.
На яго думку, у фокусе ўвагі павінна быць перш за ўсё эканоміка.
«Глабальную гандлёвую сістэму блакуюць, гнуць і ламаюць пад сябе шляхам увядзення загараджальных пошлін, тэхналагічных і энергетычных блакад, валютнага ціску, пірацтва на лагістычных маршрутах. Адным краінам не дазваляюць нафту экспартаваць, другім – імпартаваць.
Стараюцца не дазволіць. Калі лідараў шматпалярнага свету – Кітай і Расію – яшчэ хоць неяк асцерагаюцца, то на іх саюзнікаў аказваецца небачаны ціск. Толькі ў апошнія тыдні Венесуэла, Куба, Іран – нашы агульныя партнёры – сталі аб’ектамі грубейшага ўмяшання. У першую чаргу – праз эканоміку».
Таму тэхналагічны суверэнітэт, стаўка на ўласныя рэсурсы і кампетэнцыі, прыярытэт саюзнага прадукту і абарона агульнага рынку Саюзнай дзяржавы – гэта тыя ж самыя рубяжы бяспекі. Не менш важныя, чым ваенныя і знешнепалітычныя”, – заявіў ён.
Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць падрыхтоўкі асноўных напрамкаў развіцця Саюзнай дзяржавы на наступны трохгадовы перыяд, у першую чаргу ў частцы тэхналагічнага суверэнітэту і прамысловай кааперацыі.
Нагадаем, цяпер БЧ і РЧ ужо звязалі прыгараднымі цягнікамі Смаленск і Віцебск з Оршай. Аднак на дадзены момант такое паведамленне арганізавана з перасадкай на ўзгодненыя цягнікі на станцыях Асінаўка і Заольша.