Скриншот трансляции
Саюзныя праграмы на 2024-2026 гады выкананы на 40%. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета СД у Маскве.
“На дадзены момант выканана толькі 40% галіновых мерапрыемстваў (125 з 310). З адставаннем ад графіка ідзе працэс па адносна невялікай колькасці даручэнняў (14 – усяго 4,5%)”, – сказаў ён.
Паводле яго слоў, паралельна ідзе падрыхтоўка Асноўных напрамкаў на наступны трохгадовы перыяд, 2027-2030 гады.
“І, самае галоўнае, абавязкова іх выканаць. Яны павінны быць арыентаваны перш за ўсё на забеспячэнне тэхналагічнага суверэнітэту Саюзнай дзяржавы і тэхнічнага парытэту з іншымі краінамі. У саюзным будаўніцтве мы ідзём “ад жыцця”, прыступаючы да больш высокага ўзроўню інтэграцыі і стварэння міждзяржструктур там, дзе гэта наспела”, – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў наяўнасць сумесных саюзных органаў у галіне падатковага і мытнага адміністравання, саюзнага гідрамета. Гэты пералік па выніках ВДС павінен дапоўніць сумесны орган па стандартызацыі. Ён таксама адзначыў, што на дзяржсавеце павінны прыняць рашэнне аб запуску прыгранічнага чыгуначнага руху паміж рэгіянальнымі цэнтрамі.
Гаворачы пра двухбаковае супрацоўніцтва, ён не абышоў увагай міжнародны кантэкст.
“У бягучай міжнароднай сітуацыі, на фоне напружанай абстаноўкі, перш за ўсё, на заходніх рубяжах нам жыццёва неабходна развіваць адносіны саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Расіяй.
Геапалітычны расклад аб’ектыўна ставіць перад намі задачу быць гатовымі сумесна рэагаваць на любыя выклікі.
Пачата практычная рэалізацыя Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы. У снежні заступіў на баявое дзяжурства ў Беларусі, як мы з вамі і дамовіліся, ракетны комплекс «Арэшнік».
Мы зладжана працуем у знешняй палітыцы. Падпісанне сёння Дырэктывы аб узаемнай падтрымцы і супрацоўніцтве ў галіне міжнароднага правасуддзя стане важным крокам па абароне агульных інтарэсаў, непахіснасці міжнароднага права і яго інстытутаў», – сказаў Лукашэнка.
Ён таксама звярнуў увагу, што партнёры Беларусі і РФ падвяргаюцца міжнароднаму ціску.
«Глабальную гандлёвую сістэму блакуюць, гнуць і ламаюць пад сябе шляхам увядзення загараджальных пошлін, тэхналагічных і энергетычных блакад, валютнага ціску, пірацтва на лагістычных маршрутах. Адным краінам не дазваляюць нафту экспартаваць, другім – імпартаваць.
Стараюцца не дазволіць. Калі лідараў шматпалярнага свету – Кітай і Расію – яшчэ хоць неяк асцерагаюцца, то на іх саюзнікаў аказваецца небачаны ціск. Толькі ў апошнія тыдні Венесуэла, Куба, Іран – нашы агульныя партнёры – сталі аб’ектамі грубейшага ўмяшання. У першую чаргу – праз эканоміку.
Таму тэхналагічны суверэнітэт, стаўка на ўласныя рэсурсы і кампетэнцыі, прыярытэт саюзнага прадукту і абарона агульнага рынку Саюзнай дзяржавы – гэта тыя ж самыя рубяжы бяспекі. Не менш важныя, чым ваенныя і знешнепалітычныя”, – канстатаваў Лукашэнка.
Ён адзначыў важнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, да якога, паводле яго слоў, гатовы далучыцца Іран.
“Нашы мерапрыемствы ў рамках рэгіёнаў – гэта вельмі важна. Сёння ўжо кітайцы нам прапанавалі: па прынцыпе як вы працуеце з Расіяй, давайце будзем працаваць рэгіён з рэгіёнамі. Сёння Іран, не сёння, а дзесьці паўгода таму назад, таксама хочуць такога супрацоўніцтва. На зямлі відаць, што патрэбна людзям.
Таму тое, што калісьці падштурхнулі мы гэты працэс, і парламентарый гэтым займаюцца, асабліва сенатары, я ім за гэта ўдзячны. І я вельмі спадзяюся, што расійскі ўрад будзе адданым нашаму саюзнаму будаўніцтву, і мы будзем выконваць усе даручэнні і нашы дамоўленасці, і нашы рашэнні, якія мы прымаем сумесна ў нашых мерапрыемствах”, – сказаў ён.