Фото: prezydent.pl
Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі сустрэўся з салдатамі Польскай арміі і супрацоўнікамі Памежнай службы, дыслакаванымі на ўсходняй мяжы Польшчы, паведамляе прэс-служба польскага лідара.
Ён азнаёміўся з задачамі, якія выконваюць вайскоўцы аператыўнай групы «Поўнач» і супрацоўнікі Памежнай службы ў межах аперацыі «Бяспечнае Падляшша». Аперацыя накіраваная на падтрымку памежнікаў і ўзмацненне аховы польска-беларускай мяжы на фоне міграцыйнага ціску.
Напярэдадні Божага Нараджэння прэзідэнт узяў удзел у сустрэчы з вайскоўцамі і памежнікамі, а таксама правёў відэасувязь з падраздзяленнямі, якія нясуць службу на ўсходняй мяжы Польшчы і ў складзе польскіх вайсковых кантынгентаў за мяжой.
Ён наведаў памежныя і назіральныя пасты, азнаёміўся з бягучымі службовымі задачамі, а таксама з праграмай падрыхтоўкі і фізічнай трэніроўкі вайскоўцаў і супрацоўнікаў Памежнай службы.
Звяртаючыся да вайскоўцаў, Наўроцкі падкрэсліў, што бяспека польскіх межаў забяспечваецца ва ўмовах ціску з боку Расіі і Беларусі.
«Свабоду трэба абараняць, бо вайна не за гарамі. Пад ціскам дзеянняў Расіі і Беларусі нашы межы знаходзяцца пад пагрозай, але яны ў бяспецы дзякуючы вашай штодзённай працы», — падкрэсліў ён.
Ён дадаў, што без штодзённай самаахвярнасці і цяжкай працы польскіх салдат і афіцэраў, як дыслакаваных у краіне, так і за яе межамі, захаванне бяспекі дзяржаўнай мяжы было б немагчымым.
«Я прыехаў, каб выказаць сваю велізарную павагу да польскай формы. Я не ведаю, як яшчэ мог бы выказаць сваю павагу і сказаць “дзякуй за вашу службу”, акрамя як правесці з вамі вігілію. Ад усяго сэрца жадаю вам шчаслівага Божага Нараджэння і прыемнага правядзення вігіліі з сябрамі. За гэтую самаахвярнасць я, як галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі, ад усяго сэрца дзякую вам. Я ганаруся вамі, народ ганарыцца вамі», — дадаў польскі лідар.
Прэзідэнт таксама адзначыў ролю польскіх узброеных сіл ва ўмацаванні пазіцый краіны ў саюзах, у тым ліку ў межах НАТА. Напрыканцы ён заявіў, што нарошчванне абароннага патэнцыялу і павелічэнне выдаткаў на армію накіраваныя на прадухіленне любых спробаў агрэсіі супраць Польшчы.