Reform.news

Правакацыя на беларуска-латвійскай мяжы: што гэта было?

Рэдакцыя Reform.news · 8 кастрычніка 2026, 19:36

https://reform.news/be/pravakacyja-na-belaruska-latvijskaj-mjazhy-shto-gjeta-bylo/

Ці можна абвінавачваць у тым, што адбываецца, беларускі рэжым? З кім і пра што хацеў бы пагутарыць кіраўнік МУС Латвіі?

Прадмет, падобны да зброі

У аўторак, 6 кастрычніка, Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі паведамілі пра інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы. Людзі ў масках суправаджалі да яе групу мігрантаў, якая складалася як мінімум з 20 чалавек. «Тыя, хто суправаджаў нелегальных мігрантаў, былі ўзброеныя, пагражалі вайскоўцам Нацыянальных узброеных сіл, а таксама актыўна падштурхоўвалі і гналі групу мігрантаў у напрамку Латвіі», — заявілі ў Нацыянальных узброеных сілах Латвіі.

Латвійскія вайскоўцы змаглі перашкодзіць спробе перасячэння мяжы. Аднак, у адрозненне ад іншых падобных выпадкаў, гэтую правакацыю ў Латвіі расцанілі як «асабліва дэманстратыўную і агрэсіўную». Міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава расказаў, што праз некалькі гадзін пасля спробы пераправіць праз мяжу мігрантаў людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі абсталяванне, скралі камеры відэаназірання і схаваліся на тэрыторыі Беларусі да прыбыцця латвійскіх памежнікаў.

«Беларусь павінна разумець, што падобныя інцыдэнты могуць прывесці да больш сур’ёзных наступстваў для яе самой», – заявіў пасля інцыдэнту кіраўнік МУС Латвіі Домбрава.

Пазней некаторымі падрабязнасцямі таго, што адбылося, падзяліўся камандуючы Нацыянальнымі ўзброенымі сіламі (НУС) Латвіі Каспарс Пуданс. Паводле яго слоў, да моманту прыбыцця на месца латвійскіх вайскоўцаў некалькі чалавек ужо паспелі перасекчы мяжу і пералезці праз плот. Але калі латвійскія вайскоўцы сталі затрымліваць парушальнікаў, з беларускага боку пачаліся агрэсіўныя дзеянні.

«Пачалі пагражаць, кідаць у нашых вайскоўцаў камяні, абломкі дрэў, паленне, а таксама накіравалі на вайскоўцаў прадмет, падобны да зброі», — расказаў Пуданс.

Камандуючы НУС адзначыў, што з-за дрэннай бачнасці і адлегласці немагчыма стопрацэнтна сцвярджаць, што гэта сапраўды была зброя. Аднак, на думку Пуданса, вайскоўцы, зыходзячы з убачанага і ацэнкі сітуацыі, прынялі правільнае рашэнне – адступілі на некалькі метраў, што дазволіла пазбегнуць больш сур’ёзнага канфлікту.

Цяперашні інцыдэнт – не першы выпадак наўмыснага пашкоджання інфраструктуры памежнага кантролю на мяжы з Беларуссю. 7 кастрычніка намеснік начальніка Дзяржаўнай пагранаховы Іварс Рускуліс праінфармаваў Камітэт па грамадзянстве, міграцыі і грамадскай згуртаванасці латвійскага Сейма, што за суткі на латвійска-беларускай мяжы былі пашкоджаныя яшчэ дзве размеркавальныя электрашафы. У іх размешчана абсталяванне, неабходнае для працы сістэмы назірання за мяжой, у тым ліку – для перадачы даных. Пашкоджанне адной шафы здольнае перапыніць працу некалькіх камер. Паводле слоў Рускуліса, інфраструктура размешчана вельмі блізка да мяжы, паколькі праектавалася ў часы, калі падобных гібрыдных атак не было.

Ціск з Беларусі

Паводле даных латвійскай пагранаховы, паток мігрантаў з Беларусі пачаў рэзка расці вясной гэтага года. Калі ў сакавіку было затрымана 306 асоб, якія незаконна перасеклі мяжу, то ў красавіку іх колькасць узрасла амаль да 1700. Пік прыйшоўся на чэрвень і ліпень, калі больш за 4600 грамадзян трэціх краін спрабавалі незаконна пранікнуць у Латвію з тэрыторыі нашай краіны.

За першыя тры дні кастрычніка латвійская Дзяржаўная пагранахова прадухіліла 167 спроб незаконнага перасячэння мяжы. А ўсяго з пачатку года спынены спробы пранікнення на тэрыторыю Латвіі 11 866 чалавек.

Парушальнікі спрабуюць пранікнуць у Латвію рознымі спосабамі. Яны выкарыстоўваюць лесвіцы для пераадолення памежнай агароджы. Былі выпадкі, калі мігранты праразалі дзіркі ў агароджы і выкарыстоўвалі прарытыя пад ёй тунэлі. Фіксаваліся спробы перасекчы раку Даўгаву на лодцы.

Паводле слоў латвійскіх афіцыйных асоб, злачынныя групоўкі завабліваюць мігрантаў у Расію і Беларусь рэгулярнымі авіярэйсамі, а затым адпраўляюць іх да мяжы — пры падтрымцы ўладаў гэтых краін. Чыноўнікі паведамілі, што ўрады Расіі і Беларусі часам нават арганізуюць чартарныя рэйсы для мігрантаў у Маскву або Мінск, а затым даюць транспарт для дастаўкі людзей у лясістыя памежныя раёны, якія мяжуюць з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Даныя геалакацыі з тэлефонаў мігрантаў паказалі, што некаторыя з іх сапраўды праязджалі праз тэрыторыю Расіі, гаварыла выданню The New York Times міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ.

Беларускія памежнікі пабудавалі плот на беларуска-латвійскай мяжы, сфармаваўшы буферную зону для мігрантаў, заявіў у верасні кіраўнік Цэнтра кіравання крызісамі Латвіі Арвіс Зіле. Паводле яго слоў, цяпер на мяжы з Латвіяй назіраецца «поўнае бяздзеянне» беларускіх памежнікаў.

«Усё менш і радзей назіраюцца памежнікі менавіта ў гэтым раёне каля мяжы, каля плота. Гэта дае магчымасць нелегальным парушальнікам мяжы свабодна дзейнічаць на той тэрыторыі каля плота: рабіць што хочуць, ладзіць лагеры, паліць вогнішчы, рыхтавацца да пашкоджання гэтай памежнай агароджы», — сказаў Зіле.

«Беларусь стварыла другі плот глыбей на сваёй тэрыторыі, які ахоўваецца, дзе знаходзяцца памежнікі. І цяпер паміж гэтай сапраўднай дзяржаўнай мяжой і другім плотам утворана свайго роду буферная зона, куды і ўпускаюць гэтых шукальнікаў «салодкага жыцця». У ёй яны могуць рабіць усё што заўгодна, але назад, глыбей на тэрыторыю Беларусі, іх не пускаюць. Іх адзіны шлях — спрабаваць прарвацца ў Еўропу», — расказаў ён.

Днямі ўрад Латвіі падоўжыў да канца гэтага года тэрмін дзеяння аперацыі «Вілкаціс» («Пярэварацень») – узмоцненага рэжыму памежнай аховы на беларускім напрамку. Тым больш што прамежкавыя вынікі гэтай аперацыі латвійскія службы бяспекі ацэньваюць станоўча.

Кошкі-мышкі

Намеснік начальніка Дзяржаўнай пагранаховы Іварс Рускуліс заявіў, што за арганізатарамі незаконнага перасячэння мяжы стаяць беларускія службы. Ён дапускае, што да гэтага працэсу прыцягнуты і Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. З беларускага боку назіраюць за рэакцыяй латвійскіх службаў, шукаюць слабыя месцы і мяняюць прыёмы дастаўкі людзей у Латвію. Пагранахова, паводле яго слоў, у сваю чаргу, адаптуе свае дзеянні і спрабуе прадбачыць крокі супрацьлеглага боку.

Кіраўнік Дзяржаўнай пагранаховы Латвіі Гунціс Пуятс менш катэгарычны. Ён выказаў здагадку, што асобы ў масках могуць быць не супрацоўнікамі беларускіх дзяржаўных службаў, а прадстаўнікамі арганізаванай злачыннасці, якія выкарыстоўваюць для перамяшчэння мігрантаў бяздзеянне беларускага рэжыму.

«Аднак важны адзін факт: абсалютнае бяздзеянне беларускіх уладаў таксама ацэньваецца як злачынства і падтрымка гэтай нелегальнай міграцыі», — перакананы кіраўнік Цэнтра кіравання крызісамі Латвіі Арвіс Зіле.

Экспертка Беларускага Хельсінкскага камітэта, кандыдат юрыдычных навук Кацярына Дэйкала ў праграме «Белсата» «Наш дзень» патлумачыла, што гучны інцыдэнт на беларуска-латвійскай мяжы можна разглядаць у дзвюх плоскасцях: як парушэнне з боку дзяржавы і як парушэнне з боку канкрэтных фізічных асоб.

У першым выпадку, паводле слоў Дэйкала, пранікненне на чужую тэрыторыю ўзброеных асоб можа падпадаць пад парушэнне тэрытарыяльнага суверэнітэту. І як умяшанне ва ўнутраныя справы праз інструменталізацыю мігрантаў.

«Галоўнае пытанне – хто гэтыя людзі? Нейкія рэальна службовыя асобы, альбо прыватныя, якія дзейнічаюць пад кантролем дзяржавы. Нам трэба разумець, хто гэта, каб ацэньваць ступень удзелу дзяржавы і сказаць, што Беларусь вінаватая», – разважае экспертка.

Паралельна адносна людзей у масках, якія праніклі на тэрыторыю Латвіі, можна разглядаць і іншыя істотныя парушэнні. Гэта кантрабанда мігрантаў і крадзеж відэакамер, што з’яўляецца крымінальным злачынствам. Аднак і тут, заўважае Дэйкала, ёсць момант, у якім можна абвінавачваць афіцыйны Мінск.

«Калі мы прымем як магчымую гіпотэзу, што тыя людзі не маюць дачынення да дзяржавы, мы разумеем, што нават звычайныя злачынствы дзяржава абавязана не дазваляць здзяйсняць са сваёй тэрыторыі, – тлумачыць яна. – Нават калі [гэтая дзяржава] будзе гаварыць, што не даказана, што людзі пад яе кантролем, прынамсі, за гэта ёй сёння адназначна можна прад’яўляць прэтэнзіі».

Кіраўнік Дзяржаўнай пагранаховы Латвіі Пуятс адзначыў The New York Times, што ведае свайго беларускага калегу, аднак яны не маюць зносін. Паводле яго слоў, рэальны кантроль ажыццяўляе Расія, чые вайскоўцы дзейнічаюць з тэрыторыі Беларусі.

«Рускія любяць дасягаць уласных мэт чужымі рукамі» – кажа Пуятс.

Міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Домбрава тлумачыць – шкоднікі інфраструктуры дзейнічаюць хутка і прафесійна. Яны за лічаныя хвіліны паспяваюць нанесці шкоду і вярнуцца ў Беларусь. Каб памежнікі маглі прыбыць у любую кропку за такі кароткі час, уздоўж усёй мяжы спатрэбілася б вельмі шмат людзей.

«Я думаю, што было б вельмі добра кагосьці з такіх асоб злавіць і правесці з ім гутарку», – заявіў Домбрава.

І ўсё ж рана ці позна гульня ў кошкі-мышкі для пакуль не злоўленых дыверсантаў – пярэваратняў можа скончыцца. Цікава, якога кшталту паказанні пры гэтым дадуць затрыманыя.

Ружжо на сцяне

Домбрава прапануе больш выразна замацаваць у законе абарону для тых, хто, ахоўваючы мяжу, законна выкарыстоўвае зброю і спецсродкі. І прадухіліць такім чынам сітуацыі, калі памежнік або вайсковец пры сустрэчы з узброенымі людзьмі асцерагаецца дзейнічаць, бо баіцца, што за выкарыстанне зброі яго пазней прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Канкрэтныя фармулёўкі паправак і тэрміны іх прасоўвання пакуль прадстаўлены не былі.

На думку намесніка начальніка Дзяржаўнай пагранаховы Іварса Рускуліса, стральба ў бок Беларусі здольная справакаваць канфлікт з суседняй краінай. Ён перакананы, што арганізатарамі правакацый з’яўляюцца Беларусь і РФ, якія правяраюць рэакцыю латвійскіх службаў і чакаюць менавіта такога адказу.

«Ёсць спецсродкі, ёсць газы, ёсць і іншыя рашэнні, якія мы таксама выкарыстоўваем. Зразумела, дэталі — як тактычна гэта рабілася, так і іншае — я вам не раскрыю. Прымяненне агнястрэльнай зброі мэтанакіравана, каб параніць або ліквідаваць чалавека, пакуль не патрабавалася», — заявіў Рускуліс.

Але ёсць і чалавечы фактар, а ружжо ўжо вісіць на сцяне. І павесіла яго туды зусім не Латвія.

Паралельна Латвія працягвае ўзмацняць сваю палітыку. Сейм прыняў закон, які забараняе грамадзянам Расіі і Беларусі валодаць крытычнай інфраструктурай у гэтай балтыйскай дзяржаве. А латвійскім дэпутатам самакіраванняў забаранілі ездзіць у Беларусь і ў РФ.

Этап эскалацыі

Міністр замежных спраў Латвіі Байба Бражэ ўздымала пытанне аб міграцыі падчас нядаўніх перамоў са спецпрадстаўніком ЗША па Беларусі Джонам Коўлам. У верасні яна і начальнік памежнай службы генерал Пуятс сустракаліся з ім у Рызе. Коўл таксама правёў асобную сустрэчу з прэм’ер-міністрам Андрысам Кулбергсам. У Вашынгтоне відавочна ўважліва сочаць за тым, што адбываецца.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў пра падтрымку Латвіі ў сувязі з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю і назваў нелегальную міграцыю сур’ёзным выклікам для бяспекі краіны і рэгіёна.

Рубіа падзякаваў Бражэ за кантакты з амерыканскай камандай, якая адказвае за беларускі напрамак, і са спецпасланнікам Джонам Коўлам.

«Дзякуем Вам за ліст, у якім Вы выказалі занепакоенасць сітуацыяй на латвійска-беларускай мяжы. Мы ўсведамляем, што нелегальная міграцыя ўяўляе сабой сур’ёзную пагрозу бяспецы Латвіі і рэгіянальнай бяспецы. Злучаныя Штаты высока ацэньваюць Вашу прыхільнасць справе кантролю над дзяржаўнымі межамі і Вашу гатоўнасць узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі па гэтым пытанні», – напісаў Дзяржсакратар ЗША.

Магчыма, спецпасланнік Трампа прывёз у Рыгу з Мінска нейкія прапановы, а міграцыйным ціскам Лукашэнка дамагаецца перамоў і саступак? Калі дапусціць, што прапановы, якія паступілі, латвійскімі ўладамі прынятыя не былі, то інцыдэнт на мяжы з боку беларускага рэжыму можа аказацца гэткім «актам адплаты» за незгаворлівасць.

Пры гэтым інтрыгі афіцыйнага Мінска могуць быць адным з элементаў значна больш маштабнай расійскай гібрыднай вайны з ЕС. А правакацыя на беларуска-латвійскай мяжы – гэта чарговы этап эскалацыі. І Крэмль разам з яго саюзнікам Лукашэнкам працягнуць выпрабоўваць Еўрасаюз на трываласць усімі даступнымі і злачыннымі спосабамі.

Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news

Рэклама

Пакінуць адказ