Источник: "Гаюн"
Праваабаронцы абнавілі інфармацыю пра затрыманых па “справе Гаюна”. Як паведаміў праваабарончы цэнтр “Вясна”, яму вядома пра мінімум 127 пацверджаных фігурантаў справы, якіх змясцілі пад варту. Праваабаронцы атрымалі даныя яшчэ пра трох асоб. Агульная колькасць тых, хто праходзіць па справе, большая.
Пры гэтым на фоне працяглых затрыманняў ужо ідуць суды над фігурантамі справы. Людзям, якія перадавалі інфармацыю праекту “Беларускі Гаюн”, прызначаюць пакаранні ў выглядзе абмежавання і пазбаўлення волі.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які адсочвае ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў. Маніторынгавая група была створаная перад пачаткам расійска-ўкраінскай вайны актывістам Антонам Матолькам. У пачатку лютага 2025 года сілавікі атрымалі доступ да чата з ботам праекта. Пасля гэтага праект абвясціў пра спыненне працы.