Пракуратура Мінскай вобласці адчыталася аб накіраванні ў суд заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі. У Беларусі абвінавачанні ў экстрэмізме рэгулярна выкарыстоўваюцца для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
Як вынікае з паведамлення, у мінулым годзе ў суд былі накіраваныя 334 такія заявы, а за апошнія пяць гадоў — больш за 1,4 тыс.
У якасці прыкладу прыводзіцца пракурор Пухавіцкага раёна, які ў 2025 годзе накіраваў у суд 61 заяву аб прызнанні матэрыялаў «экстрэмісцкімі», а таксама ў ходзе маніторынгу распачаў крымінальную справу па артыкуле за абразу Лукашэнкі.
«У ходзе маніторынгу ўдзельнікаў і актыўных карыстальнікаў публічнага Telegram-канала для зносін у сетцы Інтэрнэт «Пухавіцкі раён LIVE чат» пракуратура раёна ўстанавіла датычнасць мясцовага жыхара да арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Па выніках праверкі, якая праводзілася ў межах міжведамаснай рабочай групы, пракурор распачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — дадаткова паведамілі ў пракуратуры.