Праезд у грамадскім транспарце падаражэў у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях

У Беларусі завяршыўся працэс павышэння кошту праезду ў грамадскім транспарце. Раней рашэнне аб павышэнні тарыфаў прынялі ў Мінску, Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны рашэнні Гродзенскага і Магілёўскага аблвыканкамаў.

Тарыф на адну паездку ў звычайных і хуткасных гарадскіх маршрутах устаноўлены ў памеры 1,05 рубля, а ў экспрэсных – 1,15 рубля. Ён павялічаны на 15 капеек.

Таксама ў абедзвюх абласцях устаноўлены аднолькавыя тарыфы на прыгарадныя перавозкі:

  • 14 капеек за кіламетр на звычайных маршрутах,
  • 16 капеек — на хуткасных і дадатковых,
  • 17 капеек — на экспрэсных маршрутах.

За багаж трэба будзе даплачваць 2, 3 або 6 капеек за кіламетр, у залежнасці ад яго памеру.

Кошт праязных білетаў у Гродзенскай вобласці вар’іруецца ад 2,83 рубля за 1 дзень на адзін від транспарту ў гарадах з насельніцтвам менш за 50 тыс. чалавек да 63,06 рубля за месячны праязны на два віды транспарту ў гарадах з насельніцтвам больш за 250 тыс. чалавек.

У Магілёўскай вобласці кошт праязных вар’іруецца ад 11,24 рубля за дэкадны праязны “рабочага дня” на адзін від транспарту ў раённых цэнтрах да 63,06 рубля за месячны праязны на два віды транспарту ў гарадах з насельніцтвам больш за 250 тыс. чалавек.

Таксама абедзве вобласці, як і іншыя рэгіёны, абмежавалі нарматыў рэнтабельнасці пры фарміраванні тарыфаў на праезд маршруткамі. Ён не павінен перавышаць 15%.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!