Праект «Плэйліст экстрэміста». Максім Жбанкоў: «Сітуацыя забарон прыводзіць толькі да таго, што фарміруецца новы андэрграўнд»
Рэдакцыя Reform.news · 13 кастрычніка 2026, 09:14
https://reform.news/be/praekt-pljejlist-jekstrjemista-maksim-zhbanko-situacyja-zabaron-pryvodzic-tolki-da-tago-shto-farmiruecca-novy-andjergra-nd/Reform.news завяршае спецпраект «Плэйліст экстрэміста: права на гучанне ў Беларусі» гісторыяй культуролага, кінааналітыка і журналіста Максіма Жбанкова.
Нонканфарміст са стажам спадар Максім знаходзіцца ў контрах з рэжымам ужо не адно дзесяцігоддзе. І прызнанне яго відэапраекта «ШокінгКульт», як і асабістых сацсетак, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў 2025 годзе для нашага візаві абсалютна нічога не змяняе. «Беларускую незалежную культуру нельга адмяніць, — лічыць культурны аналітык і дадае: — Роўна як беларускую незалежную культуру немагчыма ўзначаліць».
У нашай вялікай размове, якая падагульняе праект, мы паразважалі з аўтарам пра практыкі падпарадкавання і супраціву, рок-н-рол як ратаванне, «чорныя спісы», пенсію «работніка андэрграунду», 2020 год і культурных мутантаў. Як кажа наш візаві, «Enjoy!».

«Нас вучылі ў рэжыме прымусовай фармоўкі»
— Максім, як для нонканфарміста са стажам, калі адбылося ваша першае сутыкненне з сістэмай? Так званыя ў будучыні «экстрэмісцкія практыкі»?
— Яно ўзнікла недзе на ўзроўні школьнага дзяцінства, гэта быў канец 1960-х – пачатак 1970-х.
Я вучыўся ў 42-й школе ў самым цэнтры Мінска — акурат побач з Цэнтральнай кнігарняй, а праз дарогу быў клуб КДБ. Наш выпускны вечар, дарэчы, праходзіў менавіта там — мы вальсавалі на пляцоўцы спецслужбаў.
Нас у малалецтве часта здымалі з урокаў, калі ўзнікала неабходнасць у масоўцы на чарговай палітычнай падзеі. Выкарыстоўвалі як маленькіх фізкультурнікаў: мы бегалі, махалі сцяжкамі, складалі свае дробныя целы ў гімнастычныя фігуры. І я таксама трапляў на гэтыя акцыі: яны заўсёды грунтоўна рыхтаваліся. Дзяцей вывозілі на які-небудзь палігон, напрыклад, у парк Горкага, і мяне тады ўразіла, што працэсам кіравалі наглядчыкі, кантралёры. Пакуль дзеці махалі рукамі і нагамі, паміж імі хадзілі хлопцы старэйшага ўзросту з дубчыкамі. Падганялі, кіравалі працэсам. Гэта была сапраўдная школа дрэсіроўкі малалетак.
І калі ты, дробны шпаначок, трапляў у гэтую сітуацыю прымусовай фармоўкі — калі хочацца куляцца і скакаць на траве, а ты павінен стаяць слупком, своечасова памахаць сцяжком і правільна павярнуць на другім кроку, каб склалася фігура, — гэтая практыка з самага пачатку выглядала дзіка і проста страшна.

— І як гэта інтуітыўнае перажыванне ператварылася ва ўсвядомлены пратэст?
— Праз адзіную магчымую тады форму — культурнае дысідэнцтва. Доўгія валасы — гэта быў выбар, джынсы — выбар, як і свядомым выбарам былі рок-н-рольныя пласцінкі. Таму што адным з самых жудасных уражанняў малалецтва для мяне было дзяржаўнае радыёвяшчанне ў камуністычныя святы. Памятаю, мы неяк ехалі з бацькамі ў таксі, а з прыёмніка неслася лухта: «И Ленин такой молодой!», «Главное, ребята, сердцем не стареть!», «ЛЭП-500 – не простая линия!». Абсалютна пусты шумавы напор. Музычны шлак пралятаў скрозь цябе, не затрымліваючыся ў свядомасці.
А потым ты прыходзіш дадому, ставіш Led Zeppelin — і гэта акно ў зусім іншую рэальнасць. Дома круціцца прыгожы псіхадэлічны космас, а на вуліцы ідзе ваенны парад. І гэтыя два светы існуюць побач, абсалютна не стыкуючыся. Гэта значыць, досвед культурнага супраціву ў мяне вельмі даўні.
Камунізм у канцы 1960-х быў ужо сур’ёзна хворы, але выглядаў яшчэ дастаткова пераканаўча і моцна. І ўзнікала неадольная раздвоенасць: ты існуеш у свеце вар’яцкай, бунтарскай музыкі, але вымушаны выконваць камсамольскія рытуалы, праседжваць кучу часу на бессэнсоўных сходах, праводзіць нейкія ўрачыстыя чытанні партыйных мемуараў, а ў студэнцкія часы — здаваць экзамены па матэрыялах якой-небудзь XIX партканферэнцыі. Ды кіньце! Пра што ўвогуле тут гаворка?
З цябе рыхтавалі не проста лаяльнага грамадзяніна, а дрэсіраваную звярынку, якая павінна па сігнале паўтараць правільныя ідэалагічныя формы. Жыць паводле іх было немагчыма — яны не мелі з жыццём нічога агульнага. Але ты прывыкаў жыць канспіратыўна, рухацца «ніжэй радараў». Твой закрыты ўнутраны свет тады здаваўся такім, што не мае шанцаў стаць мэйнстрымам або проста легалізавацца.

«Фабрыкі новых сэнсаў: як нонканфармізм стаў відавочным у 1990-х»
— Але ў 1990-я гэты патаемны свет атрымаў магчымасць выйсці вонкі.
— У тым і справа! 1990-я паказалі рэальнае поле магчымасцей. Адбылася легалізацыя нонканфармізму, актывізаваліся «нефармальныя аб’яднанні моладзі», дазволенымі сталі розныя формы культурных адхіленняў — стылю, паводзін, слоўніка, моды і гэтак далей.
Гэтыя нізавыя рэчы былі вельмі важнымі, паколькі стваралі прастору свабоды. Эстэтычная незалежнасць стала рыфмавацца з палітычнай актыўнасцю. Невыпадкова лідарамі беларускай культурнай альтэрнатывы 1990-х сталі палітычна ангажаваныя музыкі — як N.R.M., якія існавалі ў рэжыме нібыта «альтэрнатыўнага Міністэрства культуры». Супольныя праекты кшталту «Народнага альбома» былі сапраўднымі генератарамі новых сэнсаў — недзяржаўнымі і незалежнымі.
Пры гэтым асабіста ў мяне ніколі не было задачы свядома змагацца з сістэмай. Я не быў свядомым палітычным апазіцыянерам. Для мяне хутчэй было важным усведамленне свайго прыватнага несупадзення з сістэмай агрэсіўнага адміністравання і праграмавання свядомасці — спачатку камуністычнай, а затым квазісавецкай беларускай. З цягам часу гэта пачынала ўсведамляцца асабліва востра: стала зразумела, што я іншай пароды.
Так жылі многія. Будавалі сябе з даступных рэсурсаў. Для мяне былі аднолькава важныя N.R.M., Led Zeppelin, Барыс Пастарнак, а пазней – Віктар Пялевін або, скажам, Арцемій Троіцкі. Гэта быў досвед культурнай самаарганізацыі. Ты чытаў самвыдат, сустракаўся з сябрамі на кватэрніках, глядзеў на закрытых прыватных праглядах “Апошняе танга ў Парыжы” або “Начнога парцье”. Ты выбіраў невідавочнае – прастору дзіўнай культуры, якая аб’ектыўна была антысавецкай і антыкамуністычнай, таму што яна вучыла свабодзе. Але сама па сабе яна не была для нас палітычным выбарам. Мы не будавалі палітычных рухаў, не пісалі маніфестаў, не стваралі арт-школ. Гэта быў досвед такога ціхага канструявання ўласнай асобы. Практыкі аўтаномнага культурнага плавання і асабістага культурнага дызайну.

«Жук у мурашніку: як я трапіў у “чорныя спісы”»
— Вы траплялі ў “чорныя” спісы?
— Было такое. Прычым хараство “чорных” спісаў было ў тым, што дакладных звестак пра іх існаванне ніколі не было. Толькі ўскосныя сігналы. Напрыклад, у 1996 годзе я пайшоў працаваць у Фонд Сораса, які ў 1997-м улады закрылі як “варожы”. Гэта было “чорнай меткай”. Я прыходзіў у дзяржструктуры — і мяне не бралі. У мяне была добрая адукацыя, выдатны дыплом, але тры гады я жыў у аўтсайдзе на выпадковых падпрацоўках. Для таго часу гэта было амаль персанальнай катастрофай.
Наўпрост ніхто нічога не казаў. Толькі скасіўшы вочы ўбок, шапталі: «Ну вы ж разумееце, дзе вы працавалі… Вы ж разумееце, з чым гэта звязана». Гэта «вы ж разумееце» спрацоўвала як сігнал адчужэння. Я не бачыў свайго імя, напісанага вялікімі літарамі ў спісах ізгояў, але магчымасці легальнага працаўладкавання мне акуратна абсякалі. Жыць з гэтым было гэтак жа натуральна, як чуць фонавы гук праслухоўвання ў тваім тэлефоне.
А потым пайшлі зусім іншыя сюжэты. У канцы 1990-х — пачатку 2000-х я пачаў актыўна працаваць у недзяржаўнай прэсе. Усё пачалося з кінаклубнай дзейнасці. У сярэдзіне 1990-х мы ў мінскім Палацы культуры прафсаюзаў задумалі паказы еўрапейскага кіно, і камусьці трэба было пісаць анонсы. Аказалася, што я ў брыгадзе самы пішучы. У выніку гэта вылілася ў супрацоўніцтва практычна з усімі найлепшымі недзяржаўнымі медыя: ад залатога перыяду «Знамени юности», дзе будучы кіраўнік «Совбелки» Павел Якубовіч тады пісаў агнявыя спартыўныя рэпартажы, да ранняга «Белсата». Так прарастаў мой «экстрэмізм».

— Калі дзяржаўная машына адрэагавала на вас, ваша пісьмо публічна? Было такое?
— Быў зусім цудоўны разварот па слядах нашумелага візіту нашых элітных рокераў да тагачаснага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі Праляскоўскага (візіт адбыўся ў 2007 годзе – Reform.news). Тады Лявон Вольскі, Піт Паўлаў, Ігар Варашкевіч і Аляксандр Кулінковіч пайшлі ўгаворваць уладу дазволіць ім легальна выступаць — узамен на адмову ад публічных альянсаў з апазіцыяй. Я дагэтуль лічу, што гэта была аперацыя КДБ — спроба мяккай вярбоўкі пратэсных рэсурсаў, утаймаванне непажаданай электрычнай энергетыкі.
Я напісаў пра гэта калонку для БелаПАН. Лаканічны тэкст на 5–7 тысяч знакаў. І раптам «Советская Белоруссия» выкочвае ў адказ манументальны ананімны першапалоснік! Уся першая паласа галоўнай дзяржгазеты краіны была запоўненая крытыкай маёй сціплай калонкі. Усе ведалі, што гэты ананім — галоўрэд Якубовіч.
Несувымернасць маштабаў маёй рэплікі і тагачаснай хвалі хейту была дзіўнай. Я дагэтуль памятаю пасаж адтуль, нешта накшталт: «Калі б быў адзін Жбанкоў… Але насамрэч ёсць дзясяткі і сотні жбанковых абодвух палоў, якія займаюцца варожай працай!». Гэта было дзіўна і здорава адначасова: са мной ваююць усур’ёз — значыць, усё раблю правільна! Нарэшце я адчуў сваю сацыяльную вагу. Прычым ніякіх выразных контраргументаў у іх не было — яны не ўмелі спрачацца па сутнасці, маглі толькі злавацца, дробна іранізаваць і жангліраваць вырванымі з кантэксту фразамі.
І гэта ўжо дыягназ: знатны прапагандыст Андрэй Мукавозчык, складаючы адрасныя калонкі пра мяне ўжо пасля 2020-га, карыстаўся тымі ж прыёмамі. Напрыклад, я іранічна называў сябе «інвалідам рок-н-рола», а ён радасна рэзанаваў: маўляў, ён жа сам піша, што хворы і вырадак! Гэта было вадэвільна, павярхоўна і смешна. Тое, што мае простыя думкі сустракалі такую масіраваную і пры гэтым бездапаможную істэрычную рэакцыю, я чытаю як паказчык жудаснай разгубленасці і слабасці дзяржаўнага прапагандысцкага апарату.

«Я зразумеў, што не абавязаны слухаць нікога ў гэтым свеце, акрамя ўласнага голасу»
— Гэта значыць, прамых забарон не было, але вам проста зачынялі дзверы?
— Гэта была блакіроўка магчымасцей. Зразумела, пасля гэтага я нават не спрабаваў звяртацца ў дзяржаўныя медыя: па-першае, брыдка, а па-другое, стала відавочна, што ў нас няма нічога агульнага.
За час працы ў недзяржаўных структурах я палюбіў сваю свабоду і незалежнасць. Навучыўся не падпарадкоўвацца дурным грамадскім рытуалам, якія ўзнаўляліся ў дзяржструктурах — а я ж на пачатку сваёй кар’еры больш за 10 гадоў выкладаў у БДУ.
— Калі вы сышлі з універсітэта і чаму?
— Я сышоў у 1996 годзе з пасады кафедры філасофіі БДУ ў вышэйзгаданы Фонд Сораса. Прычым калі звальняўся, у мяне была анекдатычная размова з загадчыкам кафедры. Ён мне казаў: «Ну вось вы сыходзіце… Добра, мы і самі хацелі вас звольніць. Але студэнты вас любяць! Але мы б вас усё роўна звольнілі… Хоць студэнты вас любяць». І так па коле.
У той час перабудова адкрыла дарогу нефармату, але адміністратары ад адукацыі абсалютна не ведалі, што з гэтым нефарматам рабіць. Выкарыстоўваючы вобраз з кніжкі Стругацкіх, я аказаўся жуком у мурашніку дзяржсістэмы — дзіўнай істотай, якая цытуе на лекцыях Лімонава і слухае «Аквариум». Самым простым рашэннем было прыбраць гэты элемент з карцінкі.
І я амаль удзячны за гэта. Паколькі недзе ў 40 з невялікім упершыню адчуў сябе паўнавартасным асобным чалавекам. Які сам будуе сваё жыццё, бярэ на сябе адказнасць і не абавязаны слухаць нікога ў гэтым свеце, акрамя сваёй праўды і свайго ўнутранага голасу.
У выніку я натуральным чынам трапіў у сферу неафіцыйнай культуры, у мяне з’явіліся беларускамоўныя сябры, я сам пачаў актыўна гаварыць па-беларуску. Я стаў грамадзянінам альтэрнатывы, жыхаром андэрграўнду — і мне гэта вар’яцка падабалася тады. І падабаецца дагэтуль.

«Пенсіянер дзяржаўнага значэння»
— Максім, такое незвычайнае пытанне: у вас жа ёсць працоўная кніжка? Пытанне да вас як жыхара андэрграўнду.
— Вядома, ёсць. Але яна перастала для мяне штосьці значыць роўна тады, калі я перастаў разглядаць жыццё як рух па савецкай кар’ернай лесвіцы.
Для выкладчыка ВНУ была там зразумелая лінейная праграма: скажам умоўна – у 23 гады абараняеш кандыдацкую, у 35 — доктарскую, потым ты дацэнт-прафесар-акадэмік, у цябе кватэра, машына, дача, калі пашанцуе — пуцёўка ў Балгарыю. А ў канцы становішся «пенсіянерам саюзнага значэння».
На мяжы 1980-х – 1990-х гэтыя ліфты поспеху цалкам абясцэніліся. Будучы лаяльным дацэнтам філасофіі, ты банальна не мог зарабіць сабе на новую куртку. І калі я прыходзіў на кніжны рынак, то бачыў, як дацэнты кафедры гісторыі КПСС гандлююць камерцыйнымі кніжкамі з вялікіх клятчастых сумак. Было ясна: сістэма ўжо не здольная ўзнагародзіць за лаяльнасць да сябе. Галоўнае адбываецца за яе межамі.
Пра працоўныя кніжкі тады ніхто не думаў. Але некалькі гадоў таму я са здзіўленнем усвядоміў, што ўжо пенсіянер і час афармляць дзяржаўную пенсію. Давялося хадзіць па архівах, збіраць нейкія даведкі з 1990-х і 2000-х… У выніку атрымалася вельмі смешна: мне налічылі каля 500 рублёў пенсіі. І статус «ветэрана працы».

— 500 рублёў — гэта, вядома, смешна…
— Вось менавіта! Гэтыя лічбы паказалі, што ўсе сацыяльныя гарантыі дзяржавы — гэта дурна, смешна і недарэчна. На такую пенсію жыць сорамна. А зарабіць з маёй рэпутацыяй у Беларусі ў публічным сектары аказалася складана. Пенсія не перашкаджае мне жыць, але і дапамагае вельмі слаба. Гэта значыць, я на яе абсалютна не разлічваю.
Увогуле на дзяржаву я перастаў разлічваць яшчэ на пачатку 1990-х — калі пачалі абсыпацца ідэалагічныя канструкты, а ўлада ў размове з электаратам стала ўжываць сапёрныя лапаткі і танкі, як гэта было ў Тбілісі і Вільнюсе.
«Усё гэта было безнадзейна: чаму ў мяне не было ілюзій»
— Калі ўспомніць 2000-я і 2010-я: закручванне гаек, потым адліга, зноў закручванне… Ці былі ў вас ілюзіі, што сістэма вось-вось абрынецца або трансфармуецца?
— Ніякіх надзей не было абсалютна. Дастаткова было ўключыць тэлевізійныя навіны, паглядзець на свіныя рылы начальства, якое разважае бог ведае пра што, каб зразумець: усё гэта безнадзейна, незваротна і фантомна.
Мне перыядычна тэлефанавалі журналісты па каментары: «Вось прызначылі Паўла Латушку міністрам культуры. Што зменіцца?» Я адказваў: «Чаму вы вырашылі, што нешта павінна змяніцца?». Што можа вырашаць функцыянер — шрубок сістэмы, якую не ён запусціў, якой не ён кіруе і куды ён прыйшоў проста як наёмны работнік?
Мне гэта было нецікава і сумна. Затое пасля 40 гадоў я нарэшце пачаў жыць як чалавек: прыгожа, ярка, самааддана, бесталкова. Часам п’яна, часам трывожна. У альтэрнатыўнай рэальнасці ўсё было амаль нармальна. Пакуль улада не стала забіваць мастакоў і саджаць за барабанны бой. Увесь цяперашні культурактывізм выйшаў з ранейшага андэрграўнду — дзіўных спантанных рухаў невідавочнага прызначэння.
«Цана андэрграўнду: ад варэння варэння да “Біт-кафэ” ў эміграцыі»
— Максім, але ж за гэтыя “спантанныя рухі”, за свабоду даводзіцца плаціць. Якая цана андэрграўнду?
— Вы маеце рацыю, ва ўсяго ёсць цана. Але канфармізм і лаяльнасць таксама маюць сваю цану! Пытанне толькі ў калькуляцыі выдаткаў: за што ты гатовы плаціць? І што для цябе з’яўляецца вызначальным?
Сыход ад дзяржавы пазбаўляе цябе лінейнага руху лёсу. Але ўзамен на кожным этапе атрымліваеш веер магчымасцей. Становішся актывам шырокага профілю.

Я працую ў “Белорусской деловой газете”, яе закрываюць.
Іду ў “Салідарнасць”, яе блакіруюць.
Ок, я ўмею арганізоўваць кінапаказы. Але з намі не хочуць або стаміліся працаваць.
Выдатна, мы можам варыць цыбульны мармелад (Максім Жбанкоў разам з Дар’яй Сітнікавай у 2010-х былі сузаснавальнікамі крафтавай ініцыятывы “Тры моркаўкі” – Reform.news). Мы прадаём перцавыя джэмы і збіраем вакол сябе кучу цудоўнага народу.
Далей нас вычысцілі з краіны, мы выязджаем. Я раблю анлайн-праект, фінансаванне заканчваецца.
Ок, пішу аналітыку. Скажам, у Reform.news. Але ў медыя абмежаваныя рэсурсы. Значыць, трэба рухацца далей. Цяпер выдаём кніжны нон-фікшн у “Мяне Няма”. Куды потым? Магчыма, рэанімуем наш мінскі праект “Біт-кафэ”.
Што гэта ўсё значыць? Тое, што мы ўсе занятыя культурным будаўніцтвам з непрадказальнымі наступствамі і кароткім тэрмінам дзеяння. Мы ўладкоўваем нелінейную культурную прастору, займаемся нізавой творчасцю — тым, чым не займаецца ніводная адміністрацыйная інстытуцыя ад Міністэрства культуры да Рады культуры. У службоўца няма варыянтаў, толькі рух па загадзя зацверджанай кальцы. А вось жыццё без парашута і страхоўкі, з аднаго боку, трывожнае, а з другога — афігець якое прыгожае! У гэтай непрадказальнасці ёсць дзіўная энергетыка.

«Белкульт на выездзе: мы ўсе сталі культурнымі мутантамі»
— І досвед эміграцыі стаў працягам гэтай нелінейнасці?
— Досвед эміграцыі — гэта толькі ракіроўка, змена лакацыі. Толькі гульняў, з якіх ты выбіраеш, стала яшчэ больш.
Дапусцім, усё было б «нармальна», і я атрымліваў бы цяпер не 500 рублёў пенсіі, а, умоўна, 800. Стаў бы ад гэтага лепшым або ярчэйшым? Не! Хутчэй за ўсё, да сваіх цяперашніх 68 гадоў я б проста не дацягнуў — здох бы ад нуды і манатоннасці.
А тут… Вар’яцкае жыццё пастаянна патрабуе апгрэйду: у цябе няма часу хварэць, шкадаваць сябе, упадаць у прастрацыю і дэгуставаць адчай. Каб паспець, трэба бегчы. Наша альтэрнатыва навучыла стылістычнай гібрыднасці, сацыяльнай мабільнасці і культурнай адкрытасці.
Цяпер мы ўсе ў нейкім сэнсе “культурныя мутанты”, людзі чэленджу. Мы не ахвяры, мы актыўныя суб’екты, якія генеруюць сэнсы, рызыкуюць і спрабуюць быць іншымі. Як у Льюіса Кэрала ў «Алісе»: «Каб заставацца на месцы, трэба бегчы з усіх ног».
І што самае цікавае — у эміграцыю вылецеў поўны асартымент. Уся гэтая стракатая банда: культурныя героі, авантурысты, самарэкламшчыкі, культур-бюракраты, спрытнякі і энтузіясты. Мы атрымалі белкульт на выездзе — такі ж мазаічны, складаны, нелінейны і парадаксальны, якім ён быў унутры краіны. І жыць у ім неверагодна цікава.
«20-ты год быў дызайнерскім праектам: шоу не здольнае перамагчы АМАП»
— Давайце адматаем да 2020 года. Як вы ўспрымалі тое, што адбывалася на вуліцах?
— Для людзей майго кола — якія жылі насуперак сістэме не адзін дзясятак гадоў, — усё, што адбывалася тады на ўзроўні публічнай актыўнасці, выглядала, прабачце, дрэнна зрэжысаваным перформансам.
Усе гэтыя маршы, белыя стужачкі, сама рыторыка і нават падбор кандыдатаў у прэзідэнты: Ціханоўскі, Бабарыка… Яны нас будуць вучыць супраціву?
Жаночае трыа — класічны гёрл-бэнд: бландзінка, брунетка, шатэнка. Калі ўсё гэта ператварылася ў пластычны тэатр і стадыённы “чос”, для мяне стала відавочна: тут няма нічога агульнага з рэальным палітычным супрацьстаяннем і барацьбой за ўладу.

Быў небяспечны праціўнік — жорсткая, свалачная сістэма аўтарытарызму з досведам палітычных забойстваў за плячыма. Гэта не жарт! Гэта зубастая машына, якая не ведае літасці, і яе не спыніш белымі кветачкамі, жаночымі маршамі і культурнымі акцыямі. 2020 год для мяне быў дызайнерскім праектам, яго рабілі рэкламшчыкі і дызайнеры. Але шоу не пераможа АМАП. Мірны марш не здольны справіцца з сітуацыяй, калі ў цябе страляюць.
У мяне з гэтым “маршам дызайнераў” склаліся чыста канцэптуальныя рознагалоссі (як у Андрэя Сіняўскага з савецкай уладай былі эстэтычныя). Палітычнае супрацьстаянне рэалізоўвалася як рэкламная казка. Калі б я не ведаў, як фармулююцца медыйныя міфы, я б, можа, і павёўся. Але для мяне гэта было дрэнна арганізаванай пастаноўкай.
— Але людзі ж масава выходзілі. І вы таксама выходзілі.
— Людзі хадзілі на гэтыя маршы для саміх сябе — каб растлумачыць або перажыць пэўны досвед. У 2020 годзе маса людзей зусім іншага бэкграўнду — у першую чаргу маладыя людзі з крэатыўнага класа, якія маглі жыць на Балі, праводзіць рэтрыты ў Індыі, ездзіць у Штаты і Парыж, — нечакана трапілі ў замес гэтага івэнту.
Спрацаваў эфект эмацыйнага рэзанансу, калі яны са здзіўленнем адкрылі для сябе: «А ў нас, аказваецца, дыктатура! Божа мой, а ў нас ёсць АМАП, і ён нас б’е! А нашы галасы ніхто не лічыць!». Гэта інфантыльнае адкрыццё рэчаў, якія існавалі пастаянна, але раней былі проста па-за межамі іх оптыкі, выглядала міла, наіўна і не мела шанцаў. Гэта быў дзіцячы парад перад танкавай калонай.

— Чаму вы ў выніку вырашылі з’ехаць з Беларусі?
— Мы з’ехалі ў 2021 годзе. І для мяне гэта было хутчэй тэхнічным рашэннем.
Увесну 2021 года мы пачалі рабіць сеткавы падкаст «ШокінгКульт». Праз некалькі месяцаў пачаліся ператрусы і затрыманні журналістаў. Значная частка нашых сяброў, калег і партнёраў апынулася за кратамі або выехала. Працягваць працу на мінскіх пляцоўках стала элементарна небяспечна.
Але вырашальным фактарам ад’езду стала не зразумелае жаданне пазбавіцца ад перманентнага стрэсу, а пошук рэжыму для прафесійнай рэалізацыі.
У Юліі Цімафеевай ёсць фраза: «Часам я нават адчуваю сорам, што ніколі не была ў аўтазаку». Гэта перагукаецца з тым, як у Польшчы ў часы «Салідарнасці» інтэлектуалам было сорамна не адседзець пры ваенным становішчы. Але я лічу, што выехаў працаваць і гэтую місію выканаў.
Я не лічу сябе ахвярай рэжыму або актыўна пацярпелым — ёсць людзі, якія перажылі значна больш драматычныя абставіны. Сітуацыя мяне ласкава выпусціла. Калі ў мінскім аэрапорце мне вярнулі пашпарт на кантролі і я зразумеў, што рэальна выязджаю, злавіў сябе на дзіўным пачуцці расчаравання і крыўды: «Слухайце, я столькі часу працаваў на рэпутацыю, а вы мяне так лёгка адпускаеце?». Было нават неяк няёмка.
«Мой “экстрэмізм” — гэта проста крыжык у спісе: машынка круціць колцы»
— Максім, у эміграцыі вы працавалі над праектам «ШокінгКульт», сацсеткі якога ў 2025 годзе прызналі экстрэмісцкімі. Ваш асабісты акаўнт унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама вас дадалі ў базу вышуку Расійскай Федэрацыі. Што адбылося, на ваш погляд? Чаму так позна, можна сказаць?
— Проста ў нейкім спісачку дайшла чарга да майго радка, вось і ўсё. Для мяне гэта чыста тэхнічнае, бессэнсоўнае рашэнне. Круцяцца колцы ў гэтай машынкі, якая даўно не здольная ўзнавіць нічога асэнсаванага. Яна ўмее ставіць толькі «крыжыкі» і «нулікі». Вось я стаў чарговым «крыжыкам». Што з гэтага вынікае? Нічога, акрамя таго, што машынка працягвае бяздумна працаваць.

— Вы страцілі праз гэта частку аўдыторыі?
— Хтосьці сышоў, хтосьці застаўся. Але, ведаеце, статыстыка ў маім выпадку была важная хіба што для справаздач па падтрымцы. Для мяне галоўнае — давяраць публіцы, быць з ёй сумленным і дазваляць ёй самой вырашаць, заставацца са мной ці не.
— Вам не здаецца, што рэжым праз “экстрэмісцкі” спіс звужае пляцоўку незалежнай культуры? Спачатку адсякаецца краіна, потым чытачы, а паступова тыя, хто выехаў з краіны па палітычных матывах, аказваюцца ў некаторым гета?
— Я пра гэта не думаю. Ёсць рэчы, якія трэба прымаць як факт. Мы не можам пераадолець гэтую дыстанцыю радыкальнымі пераўтварэннямі, якіх у найбліжэйшы час, хутчэй за ўсё, не ўбачым.
Але можна працаваць у рэжыме пошуку больш дакладнай мовы, адмовы ад лабавога палітычнага выказвання, пошуку новых фарматаў. Можна рабіць палітычную аналітыку, даследчыя тэксты, вершы або здымаць незалежнае кіно. Ці можна адмяніць незалежную культуру? Не.
Ці можна яе спыніць або ўзначаліць? Таксама не.
Ніякай жалезнай заслоны, на мой погляд, не існуе. Той у Беларусі, хто хоча атрымаць інфармацыю, яе атрымае — праз VPN, лічбавыя архівы або альтэрнатыўныя праграмы. Любыя спробы стварэння блакады сэнсаў асуджаныя на правал. Наша задача — не плакаць па тым, з чым мы развіталіся, а быць эфектыўнымі, прафесійнымі, эмацыйна сумленнымі і працягваць персанальны культурны дызайн. Мы самі сябе адбудоўвалі як персанажаў. Як культурных актывістаў. Як пэўную машыну сэнсаў. Усё гэта застаецца актуальным і важным.

«Мы дачакаліся: пачынаецца культура новай якасці»
— У вас нядаўна выйшла новая кніга «ШокінгКульт. Кніга перамен», дзе вы працягваеце аналіз беларускай незалежнай культурнай сцэны. Ваша праца заснаваная на аднайменным YouTube-падкасце, і гэта новы фармат і важны архіў таго, што з намі адбывалася за апошнія пяць гадоў. І ёсць пытанне, улічваючы спецыфіку: як кнігу цяпер даставіць чытачу ў Беларусь?
— Метады дастаўкі і ўпакоўкі — гэта клопат выдаўцоў і дызайнераў. Мая задача як аўтара — быць сумленным і не хлусіць.
Я не схільны перабольшваць сваё гістарычнае значэнне. Мая кніга — гэта не ўніверсальны даведнік па жыцці ў новыя часы і не выратавальны сродак. Гэта прыватнае практыкаванне па адаптацыі ў анамальнай культурнай сітуацыі, мой асабісты выбар.
Што да дастаўкі… Мой прыяцель з Беларусі, будучы праездам у Вільнюсе, купіў маю кнігу, пакінуў яе там сябру. А ў наступны прыезд прачытае і перадасць далей. Таксама нагадаю, што практычна ўсе тэксты існуюць у выглядзе сеткавага падкаста, даступнага анлайн.
— У новай кнізе, аналізуючы перыяд 2020–2025 гадоў, вы адзначаеце ключавыя маркеры і абсурд эпохі. Пры гэтым фіксуеце важны пункт: мы ўсё ж прайшлі гэты этап і ўваходзім у новую культурную прастору. У чым яе сутнасць?
— Мы прайшлі вельмі важны рубеж. Стадыя першапачатковай нервовай, крэатыўнай паўзы, якая затым змянілася хаатычным, збіўлівым, істэрычным і хворым лепетам разарванага культурнага поля пасля вымушанай аварыйнай эміграцыі, прайшла. Нарэшце пачынаецца прынцыпова іншая стадыя — больш усвядомленага, асэнсаванага і выразнага аўтарскага выказвання.

Усе гэтыя пяць гадоў пасля падзей 2020 года я чакаў з’яўлення культуры новай якасці. Глыбінная сацыяльная катастрофа і жорсткая ломка ранейшага парадку павінны былі спарадзіць мастацтва, аўтараў і меседжы прынцыпова новага ўзроўню. І цяпер гэта, нарэшце, пачынае адбывацца на нашых вачах: фарміруецца новае пакаленне культурных райтараў і ўзнікаюць артэфакты зусім іншай ступені складанасці.
Я кажу, напрыклад, пра апошні альбом Светы Бень і Жэні Кучмейна “Карова белая”, пра фільм Юрыя Сямашкі “Лебядзіная песня Фёдара Озерава”, пра новыя імёны вакол праекта Litradio. Гэта ўсё вельмі цікавыя штукі.
Магу нават зрабіць аператыўны прагноз: праз год-два нас нагоніць хваля маніфестаў новага пакалення. Маладыя хлопцы, якім цяпер 15–25 гадоў, пачнуць фармуляваць праграмныя заявы, ствараць свае “суполкі” і з нуля тлумачыць рэальнасць.
— І ў гэтым працэсе якаснага зруху, як я разумею, «экстрэмізм» увогуле ні пры чым?
Сам тэрмін «экстрэмізм» сістэмай абсалютна абясцэнены.
Падмена паняццяў дайшла да таго, што экстрэмістам аказваецца любы актыўны крэатыўшчык — пры жаданні так можна, скажам, і Сяргея Пукста залічыць у экстрэмісты. Ды і любога вулічнага музыканта, які грае міма нот.
Сітуацыя прэсінгу і забарон прыводзіць толькі да таго, што фарміруецца новы андэрграўнд. У Беларусі ён цяпер рэальна дзейнічае як вяртанне да канспіратыўных формаў патаемнай культуры. Яна нікуды не знікне, створыць новую эстэтыку і новыя дыялекты культурнай працы. Сістэма з гэтым нічога зрабіць не можа.
Мы рухаемся насуперак — як інерцыі рэжыму ў Беларусі, так і інерцыі культурнага парадку краін, куды мы выехалі. Гэта вымушае нас не проста быць беларускай «бурбалкай», а станавіцца партнёрамі сумежных культурных палёў.
Цяпер у нас няма «сваёй» дзяржаўнай сістэмы, няма сістэмы адукацыі, якая б будавала нацыянальныя кадры. Беларуская культура існуе па-за рамкамі звыклых палёў сэнсаў: мы спрабуем быць беларусамі на чужых пляцоўках і на чужых умовах. І гэта стварае новую якасць.
Новую культуру нам не прынясе ні Святлана Ціханоўская, ні Рада культуры, ні Еўрасаюз, ні амерыканскі музей МоМА. Усё гэта спрацуе толькі як дапаўненні да таго, што мы зробім самі. Гэта чэлендж без гарантый поспеху. У новай культуры галоўнае — не чакаць выратавальнікаў, а ствараць сэнсы самім. Нават калі на нейкім этапе чарговым героем стане які-небудзь клоун.
З гэтым таксама давядзецца жыць і гэта будзе наш вынік.
***
Каментар юрыста Рыгора Дбайнага

Пасля такога шматслойнага і вострага інтэрв’ю спадара Максіма здаецца, што любы каментар можа толькі сапсаваць уражанне. Асабліва юрыдычны. Але ўсё ж рызыкну. Каб паглядзець на некаторыя закранутыя ў размове пытанні з прававога боку.
Пачнем з парадоксу: Максім гаворыць пра тое, што незалежную культуру немагчыма забараніць, а ціск і рэпрэсіі спрыяюць з’яўленню новага андэрграунду, новых формаў творчасці і спосабаў камунікацыі. Сапраўды, для творчага чалавека перашкода нярэдка становіцца выклікам, які прымушае шукаць новыя формы і рашэнні. Нельга выступаць на афіцыйнай сцэне — узнікаюць незалежныя пляцоўкі. Закрываецца медыя — з’яўляюцца іншыя фарматы. Няма магчымасці працаваць у Беларусі — культурныя праекты працягваюць жыццё за мяжой. У гэтым ёсць вялікая сіла беларускай незалежнай культуры. І гісторыі герояў нашага праекта неаднойчы гэта пацвярджалі. Але праваабаронцы глядзяць на гэтую сітуацыю з іншага боку. Можна захапляцца тым, як творцы пераадольваюць забароны, але нельга забывацца, што саміх незаконных забарон не павінна існаваць. Бо ў вымушанага андэрграунду ёсць і іншы бок. Гэта страчаныя прафесійныя магчымасці, разарваныя сувязі з аўдыторыяй, самацэнзура, неабходнасць хаваць сваю дзейнасць або пакідаць краіну. За кожным новым спосабам абысці забарону стаяць дадатковыя намаганні, час і рэсурсы, якія маглі б ісці непасрэдна на творчасць. Больш за тое, не кожны мае магчымасць пераехаць за мяжу, знайсці новую аўдыторыю ці працягнуць працу ў падполлі. І нават калі забаронены твор застаецца даступным праз інтэрнэт, гэта не азначае, што парушэнне права на доступ да культуры знікае.
Гісторыя Максіма Жбанкова дазваляе паглядзець на пераслед беларускай культуры яшчэ з аднаго боку. У папярэдніх інтэрв’ю мы гаварылі пра выдаўцоў, актораў, рэжысёраў і музыкаў — людзей, якія ствараюць культурныя творы. Але не менш важныя і тыя, хто дапамагае нам гэтыя творы разумець, асэнсоўваць і абмяркоўваць. Без незалежных крытыкаў, культуролагаў і даследчыкаў грамадства паступова губляе магчымасць самастойна ацэньваць тое, што адбываецца ў культуры і вакол яе.
Да падыходаў 90-х гадоў з непублічнымі «чорнымі спісамі» і фактычнымі абмежаваннямі прафесійных магчымасцей праз тры дзесяцігоддзі дадаліся новыя інструменты ціску – канвеер надання публічных «экстрэмісцкіх» статусаў і знешне легальныя механізмы ціску на працаўнікоў — іншадумцаў. Так званая сістэма “rule by law”, калі з дапамогай закона дзяржава “легалізуе” супрацьпраўныя сродкі.
Размова нагадвае пра адно з фундаментальных правоў чалавека — права мець уласныя погляды і перакананні, нават калі яны не падабаюцца дзяржаве ці большасці грамадства.
Міжнароднае права адрознівае дзве рэчы: права мець сваё меркаванне і права выказваць яго публічна. Першае нельга абмяжоўваць ні пры якіх абставінах. Нікога нельга караць толькі за тое, што ён думае інакш. Другое — свабода выказвання — у асобных выпадках можа абмяжоўвацца, але толькі пры наяўнасці законных падстаў, калі абмежаванне сапраўды неабходнае і суразмернае канкрэтнай пагрозе. Простая нязгода з уладамі такой падставай не зяўляецца.
Гэты прынцып замацаваны ў артыкуле 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і падрабязна растлумачаны Камітэтам ААН па правах чалавека. Нават артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі гарантуе свабоду поглядаў і перакананняў і наўпрост забараняе цэнзуру.
Нават у гэтай размове Максім крытыкуе не толькі беларускую дзяржаўную сістэму, але і некаторыя падыходы дэмакратычнай супольнасці, у тым ліку да падзей 2020 года. З ягонымі ацэнкамі можна не пагаджацца, яны могуць выклікаць дыскусіі. Але менавіта ў гэтым і заключаецца сэнс свабоды думкі і выказвання. Чалавек не абавязаны падтрымліваць ні дзяржаўную ідэалогію, ні погляды большасці свайго асяроддзя. Крытыкаваць, сумнявацца і прапаноўваць уласнае бачанне — права, а не падстава для пераследу. На жаль, у сучаснай Беларусі абмежаванні закранаюць не толькі публічныя выказванні, але і саму магчымасць свабодна даследаваць і абмяркоўваць культуру.
Праваабаронцы паведамляюць пра практыку выкарыстання непублічных спісаў аўтараў, якіх забаронена цытаваць і даследаваць у акадэмічным асяроддзі, фіксуюць выдаленне з інтэрнэту навуковых артыкулаў «нелаяльных» аўтараў, а таксама публікацый, дзе толькі згадваюцца іх імёны. Фактычна дзяржава спрабуе вызначаць, каго можна лічыць аўтарытэтным даследчыкам, чые працы можна цытаваць і якія ідэі вартыя абмеркавання. У такіх умовах навуковец вымушаны думаць не толькі пра якасць свайго даследавання, але і пра палітычную «бяспечнасць» крыніц. А гэта непасрэдна закранае свабоду навуковай творчасці і выкладання, гарантаваную артыкулам 51 Канстытуцыі Беларусі і артыкулам 15 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах. Бо права на ўдзел у культурным жыцці — гэта не толькі ствараць або чытаць кнігі, слухаць музыку ці глядзець спектаклі. Гэта яшчэ і магчымасць разважаць пра іх, крытыкаваць, прапаноўваць новыя інтэрпрэтацыі, дзяліцца ведамі. Таму, калі з публічнай прасторы выключаюць незалежнага культурнага крытыка, пакутуе не толькі ён сам. Грамадства таксама губляе магчымасць пачуць яшчэ адзін погляд і самастойна вырашыць, пагаджацца з ім ці не.
Маштаб праблемы паказваюць і лічбы: толькі за першае паўгоддзе 2026 года зафіксаваны 224 выпадкі прызнання матэрыялаў культурнай тэматыкі і сацыяльных сетак дзеячаў культуры «экстрэмісцкімі», 102 выпадкі цэнзуры і 59 выпадкаў абвяшчэння дзеячаў культуры ўдзельнікамі «экстрэмісцкіх фарміраванняў». А за кожным такім рашэннем – абмежаванне магчымасці аўтара быць пачутым, а грамадства – свабодна знаёміцца з ягонай творчасцю без рызыкі пераследу.
Мы прызнаём здольнасць творцаў захоўваць свабоду нават у неспрыяльных умовах. Але адначасова лічым, што чалавек не павінен кожны раз праяўляць гераізм, вынаходлівасць ці рызыкаваць свабодай толькі для таго, каб займацца любімай справай.
Напрыканцы нашага праекта варта яшчэ раз падкрэсліць: культурныя правы – гэта не прывілей, які дзяржава можа даваць адным і адбіраць у іншых паводле іх палітычных поглядаў. Гэта правы кожнага чалавека: ствараць, даследаваць, выступаць, спрачацца, быць пачутым і самому выбіраць, што чытаць, глядзець і слухаць. Яны моцна звязаныя з іншымі правамі і нашым штодзённым жыццём.
Максім Жбанкоў мае рацыю ў тым, што незалежная беларуская культура здольная выжываць нават ва ўмовах жорсткіх забарон. «Плэйліст экстрэміста» паказаў шэсць розных герояў. Усіх іх дзяржава спрабавала «прыбраць з эфіру», а яны працягваюць гучаць. Тая самая «машынка», пра якую гаворыць Жбанкоў, можа і далей ставіць свае «крыжыкі» ды «нулікі», але гэта не робіць забароны абсалютнымі, а парушэнні правоў — дапушчальнымі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
