Прадстаўнік Мінска ў Бруселі прапанаваў Еўропе вярнуцца да канструктыўнага дыялогу

Часовы павераны ў справах Беларусі ў Бруселі Сяргей Панасюк у інтэрв’ю ТАСС прапанаваў Еўропе вярнуцца да канструктыўнага дыялогу і назваў магчымыя тэмы абмеркавання.

Большая частка матэрыялу расійскага дзяржагенцтва прысвечана апісанню Панасюком “жахаў” руху Беларусі па еўрапейскім шляху. Так ён, калі верыць ТАСС, пракаментаваў “частыя сустрэчы ў еўрапейскіх інстытутах з прадстаўнікамі беларускай радыкальнай апазіцыі”.

“Беларусь – гэта і так Еўропа, і яна спакойна і паслядоўна ідзе па сваім еўрапейскім шляху, які фарміруе ў сваіх інтарэсах разам са сваімі саюзнікамі і партнёрамі”, – сказаў ён.

Далей Панасюк у прапагандысцкім ключы апісаў наступствы пераарыентацыі Мінска на Захад ад беспрацоўя, эканамічнага крызісу да “разбурэння гонару Беларусі – эфектыўнай сістэмы сельскай гаспадаркі сусветнага ўзроўню”. Трэба адзначыць, што пры гэтым Аляксандр Лукашэнка рэгулярна ўладкоўвае чыноўнікам разносы з-за сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, папракаючы ў бесгаспадарчасці, падзяжы жывёлы, стратнасці і г.д.

“Нават такога беглага аналізу наступстваў дастаткова для таго, каб задацца простым пытаннем: а навошта ўсё гэта патрэбна беларусам? Каб Еўропа магла не баяцца Расіі? Відавочна, што такі маштабны крызіс у Беларусі, які зацягнецца на дзесяцігоддзі, дакладна не варты такіх эксперыментаў. І, можа, проста аднавіць канструктыўны дыялог і з Мінскам, і з Масквой?

Да прыкладу, у дачыненні да Беларусі ЕС павінен быць зацікаўлены ў абмеркаванні пытанняў агульнай непадзельнай бяспекі, сумеснай аховы межаў, барацьбы з кантрабандай і арганізаванай злачыннасцю, рэгулявання міграцыі, забеспячэння лагістыкі і свабоды перамяшчэння, паставак запатрабаванай прадукцыі дрэваапрацоўкі, прадуктаў харчавання, машынабудавання, гуманітарнага супрацоўніцтва. А цяпер, як аказалася, і вопыт працы БелАЭС можа быць запатрабаваны”, – сказаў ён.

Пры гэтым Панасюк назваў супрацоўніцтва ў фармаце СНД, ЕАЭС і Саюзнай дзяржавы “апорай стабільнасці”.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!