Мінабароны Расіі паведаміла пра нейтралізацыю 286 украінскіх беспілотнікаў. Паводле версіі расійскага ведамства, яны былі перахопленыя і знішчаныя над тэрыторыяй Белгародскай, Бранскай, Варонежскай, Курскай, Растоўскай, Тамбоўскай, Яраслаўскай, Арлоўскай, Тульскай, Калужскай, Разанскай, Астраханскай абласцей, Краснадарскага краю, Калмыкіі, Крыма.
Мясцовыя ўлады пры гэтым паведамляюць пра пажары на прамысловых і інфраструктурных аб’ектах.
Губернатар Астраханскай вобласці Ігар Бабушкін заявіў пра адбіццё атакі на Астраханскі газаперапрацоўчы завод. Паводле яго слоў, усе дроны збітыя, але абломкі выклікалі пажар, які абяцаюць патушыць за некалькі гадзін.
У Краснадарскім краі паведамілі, што абломкі беспілотнікаў упалі на тэрыторыі аднаго з прадпрыемстваў у пасёлку Хваля Цемрукскага раёна. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпеў адзін чалавек. На тэрыторыі адбылося ўзгаранне абсталявання. Яго тушылі 96 чалавек і 29 адзінак тэхнікі. У раёне гэтага пасёлка знаходзіцца порт Тамань.
У Растоўскай вобласці абломкі дронаў пашкодзілі ўстаноўкі ветраэлектрастанцыі.
У Яраслаўлі заявілі, што абломак збітага БПЛА трапіў у прамысловы аб’ект.
Акрамя таго, раніцай з’явілася інфармацыя пра пажар на лінейнай дыспетчарска-перапампоўвальнай станцыі ў Нурліне ў Башкартастане, аднак гэты рэгіён не фігуруе ў зводцы расійскага Мінабароны. Паветраная небяспека ў ім таксама не абвяшчалася.