Польскія вайскоўцы накіроўвалі F-16 для перахопу неапазнанага аб’екта ў Люблінскім ваяводстве

Сёння ноччу польскія вайскоўцы накіроўвалі знішчальнік F-16 для перахопу неапазнанага аб’екта ў Люблінскім ваяводстве. Пазней у раёне населенага пункта Тарнава-Калонія была выяўлена варонка ад выбуху.

Як паведамілі ў Аперацыйным камандаванні відаў Узброеных сіл Польшчы, сёння ноччу радары СПА зафіксавалі актыўнасць не менш як дзесяці расійскіх ракет над Заходняй Украінай, якія маглі ўяўляць патэнцыйную пагрозу для Польшчы.

Адзін з аб’ектаў у 3:29 наблізіўся да польскай мяжы на адлегласць 5 км, пасля гэтага развярнуўся і паляцеў на ўсход.

Каля 3:40 у польскай паветранай прасторы быў выяўлены неапазнаны аб’ект, які рухаўся на захад. Для яго ідэнтыфікацыі і перахопу быў накіраваны знішчальнік F-16.

У 3:46, перш чым удалося ідэнтыфікаваць аб’ект, ён знік з радараў.

«Для праверкі і канчатковага пацвярджэння тэхнічных паказанняў радара ў раён апошняга выяўлення быў накіраваны верталёт Мі-24. Экіпаж верталёта выявіў верагоднае месца крушэння аб’екта ў незабудаванай мясцовасці каля населенага пункта Тарнава-Калонія ў Люблінскім ваяводстве. На месца здарэння былі накіраваныя наземная пошукава-выратавальная група і адпаведныя службы», — гаворыцца ў паведамленні.

Раней польскія СМІ паведамілі пра выяўленне 10-метровай варонкі і абломкаў невядомага аб’екта паблізу згаданага населенага пункта. Мясцовыя жыхары ноччу чулі гучны гук, падобны на выбух. Яны таксама расказалі, што ў будынках дрыжалі вокны.

У большасці паветаў Люблінскага ваяводства сёння ноччу была актываваная паветраная трывога.

Нагадаем, у мінулым годзе ў верасні ў паветраную прастору Польшчы заляцелі каля двух дзясяткаў расійскіх беспілотнікаў. Большасць з іх былі дронамі-імітатарамі. Да гэтага ў 2023 годзе ўкраінская зенітная ракета, якая страціла кіраванне, трапіла ў памежны населены пункт. Тады загінулі два чалавекі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!