Польская паліцыя апублікавала фатаграфію затрымання падазраванага ў забойстве Скрапецкага

Люблінская паліцыя апублікавала фатаграфію затрымання падазраванага па справе аб забойстве мастака Сямёна Скрапецкага ў Бяла-Падлясцы.

«Сёння раніцай пад Варшавай супрацоўнікі спецыяльнай следчай групы Галоўнага ўпраўлення паліцыі Любліна затрымалі мужчыну, падазраванага ў забойстве 44-гадовага грамадзяніна Расіі ў Бяла-Падлясцы.

Затрыманы выкарыстоўвае пашпарт, выдадзены 36-гадоваму грамадзяніну Грузіі», — гаворыцца ў паведамленні.

У затрыманні ўдзельнічалі супрацоўнікі спецпадраздзяленняў.

Трэба адзначыць, што ў паведамленні паліцыі мужчына названы падазраваным у забойстве. Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, які першым паведаміў у сетцы Х пра затрыманне, выкарыстаў словы «падазраваны ва ўдзеле ў забойстве».

Нагадаем, расійскі мастак, вядомы сваімі карыкатурамі на Пуціна, Лукашэнку і Кадырава, быў забіты ў панядзелак раніцай. У рамках расследавання справы затрымліваліся два грамадзяніны Беларусі ва ўзросце 33 і 37 гадоў. Аднак следства ўстанавіла, што яны не маюць дачынення да злачынства. Учора стала вядома, што іх адпусцілі, дапытаўшы ў якасці сведак.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!