Ушакоў лічыць, што на саміце G7 Трампа напампоўвалі «шкоднымі ідэямі»

Памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў заявіў, што на саміце G7 прэзідэнта ЗША Дональда Трампа напампоўвалі «шкоднымі ідэямі». Праўда, якімі менавіта, ён не ўдакладніў: кантактаў з амерыканскай адміністрацыяй не было.

«Украінская тэма актыўна абмяркоўвалася падчас пасяджэння саміта сямёркі. Як можна меркаваць, Трампа напампоўвалі, я б сказаў, напэўна, некарыснымі, калі не шкоднымі ідэямі. Пасля гэтага ў нас яшчэ не было кантактаў з адміністрацыяй Трампа», — сказаў ён, перадае «Інтэрфакс».

Ушакова таксама папрасілі ацаніць уплыў еўрапейскіх лідараў на Трампа.

«Еўрапейцы аказваюць некарысны ўплыў, гэта зразумела, але Трамп таксама моцны палітык і прытрымліваецца сваіх поглядаў», — сказаў ён.

«Еўрапейцы відавочна настойваюць на тым, што неабходна працягваць вайну. Прычым яны кіруюцца цалкам няправільным, ілжывым пастулатам пра тое, што сітуацыя на полі бою нібыта змяняецца на карысць украінскіх сіл, што катэгарычна няправільна», — дадаў Ушакоў.

Трэба адзначыць, што сёння некалькі беспілотнікаў уразілі НПЗ, які знаходзіцца ў Маскве. Успыхнуў буйны пажар.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!