Польская бальніца праз суд патрабуе з Ваданосавай больш за 20 тысяч долараў за лячэнне маці

Польская бальніца праз суд патрабуе спагнаць з тэлевядучай Кацярыны Ваданосавай 78 313 злотых (21,4 тысячы долараў) за лячэнне яе маці, якая памерла ў гэтым студзені. Гэта рахунак за аперацыю, рэанімацыю і пасмяротныя працэдуры, напісала Кацярына ў Facebook.

Ваданосава адзначае, што на момант інсульту і смерці яе маці была застрахаваная ў медцэнтры Petra Medica. У сакавіку Упраўленне па справах бежанцаў пісьмова праінфармавала Кацярыну, што аплата за медыцынскія паслугі цалкам ускладаецца на Petra Medica. Яна была ўпэўненая, што адпаведныя дакументы былі накіраваныя і ў бальніцу.

«Ці тое Ўжонд па справах уцекачоў не даслаў у шпіталь, дзе памерла мая мама, неабходныя дакументы, ці іх згубілі, ці яшчэ нейкая трасца здарылася, але сёння мне прыйшоў ліст з суда. Шпіталь 2 сакавіка (нагадаю, зараз чэрвень, а я толькі даведалася!) падаў на мяне ў суд, каб спагнаць 78 313,99 злотых. Гэта рахунак за аперацыю, рэанімацыю і дзеянні post mortem. Пры тым да мяне шпіталь не звяртаўся, я была ўпэўненая, што Ўжонд да спраў цудзаземцаў выслаў яму тыя ж дакументы, якія выслаў мне», — напісала Кацярына.

Таксама суд запатрабаваў ад Ваданосавай пасведчанне аб нараджэнні, якое трэба прадаставіць цягам двух тыдняў. Але працэдура рэгістрацыі дакумента ў польскім аналагу ЗАГСа займае месяц. Кацярына звярнулася да адваката па дапамогу.

«Расплакалася ў ЗАГСе ад бяссілля. Пазваніла цудоўнай святой адвакатцы, яна абяцала дапамагчы мне абараніць сябе. Бо ў мяне няма 78 тысяч злотых. Больш за тое, я не мушу іх плаціць, УДСЦ прызнаў сваю адказнасць, прызнаў, што апекаваўся мамай, што страхоўка ў яе была. Больш за тое, у лісце, які шпіталь даслаў у суд, ёсць непраўдзівыя сведчанні. Буду змагацца, вядома, куды я падзенуся, але я так стамілася жыць у гэтым усім!» — напісала Ваданосава.

Нэлі Ваданосава, маці тэлевядучай і спявачкі Кацярыны Ваданосавай, памерла 1 студзеня 2026 года пасля інсульту. Кацярына адкрыла збор на лячэнне і пахаванне маці. Калі высветлілася, што медыцынскія рахункі павінны аплачвацца Petra Medica, сродкі, што засталіся ад збору, Кацярына пералічыла на дапамогу вызваленым палітвязням.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!