Польшча падаўжае абмежаванне паветранага руху ўздоўж мяжы з Беларуссю

Польскае агенцтва аэранавігацыйнага абслугоўвання (PANSA) паведаміла аб падаўжэнні абмежаванняў на палёты ўздоўж мяжы з Беларуссю і Украінай.

Яно будзе дзейнічаць з 10 чэрвеня па 9 верасня і ўводзіцца па запыце Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл «у сувязі з неабходнасцю забеспячэння нацыянальнай бяспекі».

Зона распаўсюджваецца да вышыні 3 км і не закранае рух пасажырскіх самалётаў, якія лётаюць на вялікіх вышынях.

У зоне абмежавання будзе дзейнічаць поўная забарона палётаў у начны час, за выключэннем ваенных самалётаў.

У дзённы час рэжым будзе менш строгім, будзе магчымасць здзяйсняць палёты пры пэўных умовах і з дазволу вайскоўцаў.

Абмежаванні на палёты ў памежнай зоне былі ўведзены ў верасні 2025 года і з таго часу падаўжаюцца кожныя тры месяцы. Нагадаем, у верасні мінулага года паветраную прастору Польшчы масава парушылі расійскія беспілотнікі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!