Пяскоў заявіў, што Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць заявы Зяленскага

Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка збіраюцца паразмаўляць у найбліжэйшы час. Адной з тэм будуць нядаўнія заявы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Пра гэта сёння заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў.

Як піша «Інтэрфакс», падчас сённяшняга брыфінгу ў Пяскова пацікавіліся, ці збіраюцца Пуцін і Лукашэнка абмяркоўваць заявы Зяленскага.

«Сапраўды, і вы ведаеце, што Аляксандр Рыгоравіч (Лукашэнка) пра гэта казаў, у агляднай перспектыве плануе ажыццявіць кантакты. Гэта будзе добрай магчымасцю для таго, каб абмеркаваць гэтыя і іншыя пытанні.

Пагрозы абсалютна агрэсіўныя, умяшанне ва ўнутраныя справы іншай краіны, замах на суверэнітэт іншай краіны.

Але ў нас няма ніякага сумнення, што кіраўніцтва Беларусі і сама Беларусь здольныя забяспечыць свой суверэнітэт», — сказаў Пяскоў.

Нагадаем, Уладзімір Зяленскі заявіў, што на тэрыторыі Беларусі ўсталяваны рэтранслятары, якія Расія выкарыстоўвае для навядзення дронаў на цэлі ва Украіне. Зяленскі даў Лукашэнку тыдзень на тое, каб ён адключыў гэтае абсталяванне, інакш украінскі бок ліквідуе яго сам. Ён таксама прапанаваў Лукашэнку спыніць пастаўляць паліва Расіі, намякнуўшы на магчымыя наступствы для Мазырскага НПЗ.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!