Зяленскі: Гісторыя з рэтранслятарамі — не гісторыя ўчарашняга дня, гэта доўгі працэс

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў чарговы раз растлумачыў, якой рэакцыі ён чакае ад Аляксандра Лукашэнкі — той павінен дэманстраваць дээскалацыю. Пра гэта Зяленскі заявіў у інтэрв’ю «ТСН. Тыдзень».

Reform.news публікуе пераклад фрагмента інтэрв’ю па гэтай тэме цалкам:

— Па-першае, я хацеў бы, каб мы разумелі: калі я нешта раблю публічна — і ў гэтым, скажам так, мая стратэгія, — да гэтага я раблю пэўныя крокі па дээскалацыі непублічна. На ўзроўні разведак і вайскоўцаў Беларусь, на ўзроўні кіраўніцтва, атрымлівала інфармацыю: спыніце дапамагаць расіянам. Гісторыя з рэтранслятарамі — не гісторыя ўчарашняга дня, гэта доўгі працэс. За гэтым стаяць ахвяры выключна з боку Украіны. Тэхнічна яны каардынуюцца і тэхнічна дапамагаюць наносіць больш дакладныя ўдары расійскімі і іранскімі дронамі па ўкраінскім грамадстве. Вось што адбываецца.

Лукашэнка атрымаў гэтую інфармацыю. Лукашэнка павінен, акрамя слоў, дэманстраваць дээскалацыю, дэманстраваць не проста словамі: «Я прашу прабачэння». Свае прабачэнні няхай пакіне сабе. Гэта не працуе пасля першага дня пачатку вайны.

Я гэта тлумачыў — праз нашу разведку, службу бяспекі і гэтак далей. На розных узроўнях у нас ёсць кантакты. Я тлумачыў яму: дэманстрацыя канкрэтных крокаў.

Крок нумар адзін: ніякай тэхнічнай падтрымкі. Прамая падтрымка праз рэтранслятары: адключыць іх, зняць і паказаць нам, што гэта знята. І мы закрылі гэтае пытанне. Гэта неаднаразова перадавалася ім, неаднаразова.

Мы перайшлі да стадыі публічнага сігналу. Гэта азначае, што калі ён іх не здыме, мы здымем. Усё, што адбудзецца праз тыдзень, — альбо яны, альбо мы.

— Пакуль ніякай рэакцыі на гэтую публічную заяву няма?

— Ну, у мяне ніякай інфармацыі няма.

— Я думала, магчыма, яны неяк непублічна нешта перадалі?

— Мне іх непублічныя словы не вельмі цікавыя, шчыра кажучы. Мы ж разумеем, што маецца на ўвазе. Мы таксама гаворым, даём сігнал: калі ласка, спыніце пастаўкі паліва для расійскай арміі.

Нагадаем, 19 чэрвеня прэзідэнт Украіны даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень на тое, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў.

«Ён можа гэта прыбраць? Навошта словы пра тое, што ён не хоча вайны? Няхай прыбярэ гэтую тэхніку, няхай адключыць гэтую тэхніку. Я думаю, яму тыдня будзе дастаткова, каб гэта зрабіць. Чаму я кажу пра тыдзень? Таму што цяпер кожны дзень з-за гэтага гінуць нашы мірныя жыхары, атрымліваюць раненні дзеці. Калі ён гэтага не зробіць, зробім мы», — заявіў Зяленскі на сумеснай прэс-канферэнцыі з прэзідэнтам Гандураса Насры Асфурам у пятніцу ў Кіеве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!