Прадстаўнікі ЗША, Украіны, Еўракамісіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і NATO правялі перамовы ў Маямі аб завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны да зімы. Як паведаміў старшы карэспандэнт Radio Free Europe/Radio Liberty у Вашынгтоне Алекс Раўфоглу са спасылкай на крыніцы, сустрэча скончылася раней за запланаваны тэрмін, другога дня перамоў не будзе.
“Перамовы ў Маямі скончыліся раней, чым планавалася. «Другога дня не было», — паведамляюць мне крыніцы”, – напісаў ён у X.
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф назваў абмеркаванні канструктыўнымі. Паводле яго слоў, бакі абмяркоўвалі магчымыя меры па дээскалацыі і спыненні вайны, падрыхтоўку да зімы, устойлівасць энергетычнай сістэмы, экспарт збожжа, гарантыі бяспекі для Украіны, а таксама доўгатэрміновыя механізмы забеспячэння бяспекі Украіны і Еўропы. Удзельнікі таксама закранулі пытанні пасляваеннага аднаўлення Украіны, яе эканамічнага развіцця, “у тым ліку ў кантэксце ўступлення ў ЕС”.
“Абмен меркаваннямі быў прадуктыўным і дапамог вызначыць напрамкі для далейшага вывучэння напярэдадні наступных кантактаў Злучаных Штатаў з Расіяй. Удзельнікі зноў пацвердзілі сваю агульную прыхільнасць працягу дыпламатычных намаганняў, накіраваных на дасягненне ўстойлівага міру, які ўмацуе бяспеку і створыць магчымасці для доўгатэрміновай стабільнасці і росквіту”, – напісаў ён у X.
Нагадаем, 9 кастрычніка Трамп правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным і заявіў, што ЗША і Расія дасягнулі пагаднення аб пастаўках расійскага дызельнага паліва на амерыканскі і сусветны рынкі.
Паводле слоў Трампа, РФ паставіць 4,8 млн тон дызельнага паліва: 300 тысяч тон «неадкладна», яшчэ 500 тысяч тон у лістападзе, а затым яшчэ 1 млн тон і дадаткова 3 млн тон «на працягу кароткага часу».
Мінфін ЗША выдаў часовую генеральную ліцэнзію, якая дазваляе пастаўкі расійскага дызелю да 7 красавіка 2027 года.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў рашэнне Вашынгтона інвестыцыяй у вайну.