Зяленскі: Расія «аддзячыць» за дызель далейшым тэрорам і подласцямі

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў дамоўленасць ЗША і Расіі аб пастаўках расійскага дызельнага паліва і назваў рашэнне Вашынгтона інвестыцыяй у вайну.

«Падарункі Пуціну не прынясуць міру і не пойдуць на карысць цывілізаванаму свету. Расія «аддзячыць» за дызель далейшым тэрорам і подласцямі. Дазвол Расіі прадаваць нафтапрадукты — гэта інвестыцыя ў вайну, якую неабходна скончыць, а не працягваць. Неабходная рэальная дээскалацыя з Расіяй на ўзаемнай аснове», — заявіў Зяленскі 9 кастрычніка.

Зяленскі падкрэсліў, што міру дзякуючы слабасці не бывае, і заклікаў даць моцны адказ, каб скончыць вайну: узмацніць санкцыі паводле законапраекта Ліндсі Грэма, аказваць ціск на Расію і падтрымліваць Украіну.

Прэзідэнт Украіны звярнуў увагу, што пасля зняцця санкцый ЕС з расійскіх алігархаў расійскіх удараў па Украіне стала больш.

«Дзясяткі загінулых і сотні параненых. Расіяне кампенсуюць такім тэрорам сваю няздольнасць дасягнуць пастаўленых перад імі мэт на фронце. Сёлета Расія на фронце слабейшая, чым у любы іншы перыяд вайны. Менавіта таму Пуцін разлічвае на тэрор. Менавіта таму ён разлічвае на спробы кулуарных дамоўленасцей аб тых ці іншых паслабленнях ціску на Расію, каб выйграць дадатковы час і атрымаць магчымасці для працягу вайны», — заявіў Зяленскі.

Ён назваў слабасцю паслабленне санкцый супраць Расіі без дакладнай дамоўленасці аб дээскалацыі.

Украіна, у сваю чаргу, гатовая да дээскалацыі і гатовая спыніць біць па расійскіх НПЗ, калі Расія спыніць удары па ўкраінскай энергетыцы.

«Украіна гатовая да люстраных крокаў па дээскалацыі, і амерыканская каманда ведае нашу пазіцыю. Нашы ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і іншых нафтавых аб’ектах — гэта адказ Расіі на яе шматгадовую кампанію тэрору супраць украінскай энергетыкі.

Украіна не будзе спальваць расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы, калі Расія не будзе разбураць нашу энергетычную інфраструктуру. Мы прапануем Амерыцы менавіта такую дамоўленасць і лічым, што магчымасцей Злучаных Штатаў дастаткова, каб дамагчыся такога кампрамісу», — адзначыў Зяленскі.

Украіна разлічвае на справядлівую падтрымку з боку ЗША, заявіў Зяленскі.

Нагадаем, 9 кастрычніка Трамп правёў тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным і заявіў, што ЗША і Расія дасягнулі пагаднення аб пастаўках расійскага дызельнага паліва на амерыканскі і сусветны рынкі.

Паводле слоў Трампа, РФ паставіць 4,8 млн тон дызельнага паліва: 300 тысяч тон «неадкладна», яшчэ 500 тысяч тон у лістападзе, а затым яшчэ 1 млн тон і дадаткова 3 млн тон «на працягу кароткага часу».

Мінфін ЗША выдаў часовую генеральную ліцэнзію, якая дазваляе пастаўкі расійскага дызелю да 7 красавіка 2027 года.