Павел Лібер пра кампанію SumSub: Наша каманда працягвае дадатковую праверку ўсёй інфармацыі

Распрацоўшчык платформы для галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду Павел Лібер пракаментаваў сумневы, выказаныя ў матэрыяле «Нашай нівы» адносна кампаніі Sumsub, адказнай за верыфікацыю выбарцаў на выбарах у Каардынацыйную раду — праверку пашпартных даных, фатаграфій і іншых звестак. Паводле слоў Лібера, SumSub праходзіць рэгулярныя незалежныя аўдыты, але каманда Лібера працягвае дадатковую праверку ўсёй інфармацыі.

Сітуацыю пракаментаваў таксама спікер КР Арцём Брухан. Падаем каментары цалкам. Іх апублікавала прэс-служба КР.

Павел Лібер:

«Для выбару правайдара наша каманда шукала сертыфікаваных лідараў рынку, якія пры гэтым адпавядалі б стандарту GDPR.

Кампанія SumSub двойчы запар прызнавалася Gartner лідарам у кірунку KYC, мае больш за 4 тысячы кліентаў і валодае неабходнымі сертыфікатамі бяспекі, што азначае — праходзіць рэгулярныя незалежныя аўдыты.

Сярод кліентаў кампаніі — Vodafone, Duolingo, TransferGo і іншыя. Безумоўна, кампанія актыўна працуе з крыптабіржамі і індустрыяй iGaming, таму што KYC-сэрвісы заўсёды былі запатрабаваныя ў гэтых сферах.

Галоўны офіс кампаніі знаходзіцца ў Лондане. Заснавальнікі сапраўды нарадзіліся ў Расіі, але цяпер з’яўляюцца грамадзянамі Ізраіля. На дадзены момант наша каманда дадаткова правярае любую магчымую сувязь гэтых людзей з расійскімі дзяржаўнымі структурамі.

Да 2021 года кампанія выкарыстоўвала расійскае праграмнае забеспячэнне Smart Engines для распазнавання выяў. Пры гэтым SumSub сцвярджае, што праграмнае забеспячэнне выкарыстоўвалася лакальна (on-premise), а даныя захоўваліся на серверах AWS у Германіі, што пацвярджаецца аўдытамі і палітыкамі захоўвання даных.

Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія адмовілася працаваць з Расіяй і Беларуссю і публічна пацвердзіла адмову ад выкарыстання расійскага праграмнага забеспячэння.

Таксама з кампаніяй былі звязаныя два інцыдэнты. Адзін датычыўся ўцечкі з унутранай сістэмы падтрымкі і не закранаў пашпартныя даныя кліентаў. Другі быў звязаны з дзеяннямі партнёра, які выклаў ключ доступу ў адкрыты доступ.

Наша каманда працягвае дадатковую праверку ўсёй інфармацыі, уключаючы гісторыю заснавальнікаў кампаніі».

Арцём Брухан:

«Мы цалкам давяраем прафесіяналізму Паўла Лібера і яго выбару падрадчыкаў для забеспячэння бяспекі даных выбарцаў.

Ёсць разуменне таго, што выбары ў Каардынацыйную раду з’яўляюцца мэтай розных атак — ад кібератак да інфармацыйных кампаній. Важна абапірацца на факты, а не на эмоцыі і інтэрпрэтацыі.

Я ўпэўнены, што выбары ў Каардынацыйную раду адбудуцца, а зрыў гэтага дэмакратычнага працэсу выгадны толькі тым, хто выступае супраць дэмакратычнай будучыні Беларусі.

Мы разумелі, што магчымыя правакацыі, але ўпэўненыя, што беларускае грамадства здольнае адрозніваць інфармацыйныя ўкіды ад фактаў».

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!