Павел Либер. "Новая Беларусь".
З 11 па 17 мая 2026 года ўключна пройдуць выбары ў Каардынацыйную раду чацвёртага склікання. Сёння лідар каманды распрацоўшчыкаў платформы для галасавання на будучых выбарах Павел Лібер распавёў пра ўкаранёныя навінкі і пра тое, якія рашэнні дазволяць забяспечыць бяспеку выбарцаў. У тым ліку і тых, хто знаходзіцца ў Беларусі.
Яшчэ працягваецца інфармацыйная кампанія, прымеркаваная да выбараў у склад Каардынацыйнай рады чацвёртага склікання. На пляцоўцы «Тры сланы» прадстаўлены выбарчыя спісы і палітыкі ды актывісты, якія ўваходзяць у іх склад. Прадстаўнікі кожнага са спісаў, зарэгістраваных выбарчай камісіяй, маюць доступ да гэтай пляцоўкі і магчымасць распавесці пра сябе і сваіх кандыдатаў.
Інфармацыю пра сябе ўжо запоўнілі прадстаўнікі многіх выбарчых спісаў. У кожнага спісу ёсць ІІ-асістэнт, з дапамогай якога можна атрымаць кароткае самары пра людзей, прадстаўленых у гэтых спісах. Пазней, непасрэдна напярэдадні выбараў у КР, усе даныя з гэтых выбарчых спісаў будуць аўтаматычна перанесены на платформу для галасавання. Як адзначыў Павел Лібер, у інтарэсах прадстаўнікоў гэтых спісаў запоўніць інфармацыю пра сябе, каб не выглядаць безаблічна на фоне канкурэнтаў.
Непасрэдна платформа для галасавання — гэта асобны прадукт, і да інфармацыйнага рэсурсу «Тры сланы» яна не будзе мець ніякага дачынення. Паводле слоў Лібера, платформа створана на базе рашэння, якое ўжо даказала сваю бяспеку і выкарыстоўвалася на выбарах у КР 2024 года. Яна толькі была палепшана і дапоўнена новым функцыяналам.
У момант выбараў непасрэдна для галасавання з’явяцца два каналы — мабільны канал і web-канал.
Мабільны канал — гэта дадатак, які, як і ў 2024 годзе, прапануецца выбарцам, якія знаходзяцца за мяжой. З меркаванняў бяспекі распрацоўшчыкі настойліва не рэкамендуюць усталёўваць мабільны дадатак тым, хто жыве ў Беларусі. Гэтым выбарцам варта скарыстацца web-каналам.
З навінак — у мабільным дадатку цяпер будуць дзве опцыі для верыфікацыі выбарцаў. Першая — гэта звыклы сіні беларускі пашпарт. Другая — беларускі нацыянальны пашпарт, або, як яго неафіцыйна называюць, «пашпарт Новай Беларусі». Адпаведна, выбарца можа выбраць, па якім з дакументаў ён хоча прайсці працэдуру верыфікацыі.
Ніякія іншыя дакументы для верыфікацыі прымацца не будуць. Не падыдуць віды на жыхарства розных краін, пашпарт замежніка і іншыя дакументы, якія сведчаць асобу. Як патлумачыў Павел Лібер, прычына абмежаванняў у тым, што ў падобных дакументаў розныя ідэнтыфікатары. Верыфікацыя па іх звязаная з рызыкамі, напрыклад, спробамі прагаласаваць некалькі разоў. А вось у «пашпарце Новай Беларусі» выкарыстоўваецца такі ж ID, як у сінім беларускім пашпарце. Гэта выключае магчымасць прагаласаваць і па адным, і па другім дакуменце.
Калі выбарца выбірае сіні пашпарт, то ў працэсе верыфікацыі ён праходзіць такую ж працэдуру, як і пры галасаванні ў 2024 годзе: паказвае на камеру смартфона або камп’ютара дакумент, затым свой твар. Праграма супастаўляе даныя, вызначаючы валіднасць.
Таксама ў выпадку з беларускім сінім пашпартам сістэма ідэнтыфікацыі будзе працаваць і ў web-канале, рэкамендаваным для галасавання тым, хто знаходзіцца ў Беларусі. Распрацоўшчыкі асабліва падкрэсліваюць: асцерагаючыся фішынгу, спасылку на web-канал варта браць толькі з правераных крыніц. Напрыклад, з рэсурсу «Тры сланы», з інфармацыйных каналаў Каардынацыйнай рады або ж з незалежных медыя.
Калі выбарца выбірае для ідэнтыфікацыі беларускі нацыянальны пашпарт, то-бок «пашпарт Новай Беларусі», то ён будзе перанакіраваны на сайт беларускага пашпартнага цэнтра, дзе і афармляўся гэты дакумент. Пасля гэтага выбарцу неабходна пацвердзіць, што ён гатовы перадаць інфармацыю з пашпартнай сістэмы платформе для галасавання.
У беларускім пашпартным цэнтры пры афармленні дакумента ўсе праходзяць верыфікацыю. Робяць гэта асабіста, здаючы біяметрыю, робячы фота. Абавязкова правяраецца сіні беларускі пашпарт. Такім чынам, паводле слоў Лібера, беларускі пашпартны цэнтр у працэсе афармлення ўжо правёў паўнавартасную працэдуру верыфікацыі.
Пацвердзіўшы з дапамогай аднаго з двух магчымых пашпартоў сваю асобу, выбарца атрымлівае лічбавы ID. Сёлета распрацоўшчыкі платформы змянілі правайдара. Ім стала кампанія Sumsub, якую Павел Лібер прадставіў як надзейнага і адпаведнага партнёра. У сувязі з гэтым верыфікацыі з платформы 2024 года Belarus ID дзейнічаць ужо не будуць, таму працэдуру давядзецца прайсці наноў.
Пасля верыфікацыі выбарца перанакіроўваецца на старонку з усімі выбарчымі спісамі, якія балатуюцца ў склад КР чацвёртага склікання. Ён выбірае адзін з іх, націскае кнопку «галасаваць», а затым пацвярджае свой выбар.
Пасля галасавання можна скапіяваць код вашага голасу. І з яго дапамогай на задзейнічанай для запісу галасоў блокчэйн-платформе Vocdoni пераканацца, што голас быў запісаны правільна. Такім чынам, як патлумачыў Лібер, забяспечваецца падвойны кантроль за дакладнасцю працэдуры галасавання.
Адно з найбольш важных і цікавых для патэнцыйных выбарцаў пытанняў датычыцца бяспекі ўдзелу ў выбарах. Як адзначыў Лібер, у аснове платформы для галасавання выкарыстоўваецца тое ж рашэнне, якое выкарыстоўвалася падчас выбараў у КР 2024 года. Распрацоўшчыкі ўпэўненыя: тады не было ніякіх «зліваў» і ўцечак. А само рашэнне 2024 года праходзіла сур’ёзны незалежны інфармацыйны і cyber security-аўдыт.
Як і мінулым разам, будзе выкарыстоўвацца прынцып адкрытага кода. Паводле слоў Лібера, пратэставаць яго могуць члены выбарчай камісіі, сярод якіх ёсць людзі, звязаныя з IT і здольныя зрабіць гэта кваліфікавана. Акрамя таго, захаваны прынцып размеркаванага доступу да інфраструктуры. Гэта значыць, што ні адзін чалавек не будзе мець доступу да ўсіх даных платформы. Плюс само рашэнне не прадугледжвае цэнтральнай базы даных.
У бліжэйшыя дні распрацоўшчыкі разам з выбарчай камісіяй плануюць правесці ўнутраныя тэсты працы сістэмы і, пры неабходнасці, унесці мінімальныя паляпшэнні. Павел Лібер чакае, што ўжо 8 або 9 мая выбарцы змогуць усталяваць на свае прылады мабільны дадатак. Паводле яго слоў, ён ужо не будзе называцца Belarus ID з-за пазіцыі кампаніі Apple, якая патрабуе не выкарыстоўваць назву дзяржавы без прывязкі да яе афіцыйных структур. Таму назва дадатку зменіцца, і неўзабаве распрацоўшчыкі праінфармуюць пра новую.
Што датычыцца web-канала, з дапамогай якога змогуць прагаласаваць выбарцы з Беларусі, ён адкрыецца толькі 11 мая, у першы дзень галасавання. Такое рашэнне прынята з меркаванняў бяспекі — на думку распрацоўшчыкаў, чым раней будзе адкрыты канал, тым больш часу ў рэжыму застанецца для таго, каб падрыхтавацца да скаардынаванай атакі на яго.
Такім чынам, працэдура галасавання дастаткова простая і, як сцвярджаюць распрацоўшчыкі, бяспечная. А ў найбліжэйшы час будуць выпушчаны тэкставая і відэаінструкцыя для тых, хто хоча прыняць удзел у выбарах у новы склад Каардынацыйнай рады.