«Пашый мне, маці, шнуравіцу»: сінтэз графiчнага мастацтва i рэканструкцыi беларускага народнага касцюма стварылі на выставе ў Віцебску

Выстава «Пашый мне, маці, шнуравіцу» майстра народных рамёстваў Цэнтра рамёстваў «Адраджэнне» Надзеі Гутнікавай працуе ў віцебскім Музеі сучаснага мастацтва – выставачнай зале на Белабародава, 5.

Фота: vitebskavangard.by

На выставе паказалі больш за 30 графічных твораў з асобнымі дэталямі адзення, арнаментамі, спосабамі нашэння той ці іншай рэчы, і 18 комплексаў народных строяў.

У назве выкарыстаны словы народнай прыпеўкі, зафіксаванай вядомым мясцовым краязнаўцам Мікалаем Нікіфароўскім. Беларускае слова «шнуравіца» ўжывалася як агульная назва святочнага адзнення без рукавоў, якое шылася з самых каштоўных тканін і ўпрыгожвалася дадатковым дэкорам.

Фота: БелТА

У экспазіцыі глядач знаёміцца з жаночымі і мужчынскімі касцюмамі з ільну і бавоўны як паўсядзённымі, так і святочнымі. Тут можна ўбачыць сарафаны, кашулі, сарочкі, спадніцы, андаркі, мужчынскі армяк і жаночую світку, а таксама розныя галаўныя ўборы і тканыя паясы.

Фота: БелТА

Маладая дызайнерка не чуе і не гаворыць, таму пра метады яе працы расказала на выставе яе мама. «Надзя з дзяцінства вызначалася асаблівым густам, у тым ліку ў адзенні. Кожны створаны ёю касцюм — поўнасцю ручная работа, – патлумачыла маці дызайнеркі Вольга Гутнікава. – Набіванкі, швы, афармленне гарлавіны, вышыўка, дэкор — усё гэта яна робіць сама. Гэта вельмі карпатлівы занятак. Па яе работах можна вывучаць гісторыю народнага адзення, асабліва віцебскага строю, таму што яна скрупулёзна даследуе ўсё па архівах, наяўных гістарычных крыніцах у літаратуры, краязнаўчых музеях кожную дэталь і дакладна паўтарае яе ў сваіх мадэлях. Некаторыя з іх з’яўляюцца амаль поўнай копіяй экспанатаў, якія захоўваюцца ў музеях Беларусі або Расіі».

Выстава працуе да 29 сакавіка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!