Фото: t.me/tsikhanouskaya
Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Святлана Ціханоўская выступіла перад удзельнікамі MSC Young Leaders — праграмы для маладых палітычных лідараў з усяго свету.
Сустрэча прайшла ў фармаце выступлення і адкрытай дыскусіі і працягвалася больш за гадзіну. Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі ўрадаў і парламентаў, а таксама палітыкі з ЗША, Вялікабрытаніі, Індыі, Турцыі, Пакістана, Германіі і іншых краін, паведамляе прэс-служба лідара дэмсіл.
Адной з ключавых тэм сталі палітвязні і механізмы ціску на беларускі рэжым. Ціханоўская распавяла пра перамовы з ЗША па пытаннях вызвалення зняволеных, умовах іх утрымання і ролі санкцый, падкрэсліўшы, што міжнародны ціск застаецца важным інструментам.
Таксама абмяркоўваліся пытанні рэгіянальнай бяспекі, у тым ліку размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі. Ціханоўская заявіла, што працяглая эскалацыя з боку Расіі ўяўляе пагрозу не толькі для суседніх краін, але і для ўсёй Еўропы.
Гаворачы пра вайну ва Украіне, яна адзначыла неабходнасць улічваць беларускі фактар у агульнай карціне вайны. Паводле яе слоў, ні Аляксандр Лукашэнка, ні Уладзімір Пуцін не зацікаўленыя ў хуткім завяршэнні вайны і выкарыстоўваюць яе для захавання ўлады.
Акрамя таго, былі закрануты тэмы «ваеннай эканомікі» ў Беларусі, дзейнасці дэмакратычных сіл, выбараў у Каардынацыйную раду, а таксама праблемы пашпартоў для беларусаў за мяжой і праекта нацыянальнага пашпарта «Новай Беларусі».
Асобна Ціханоўская прадставіла даклад BELPOL пра ўдзел беларускага рэжыму ў вайне і «Red Paper» па пытаннях еўрапейска-беларускай бяспекі.