Пайшоў з жыцця паэт Уладзімір Карызна — суаўтар дзяржаўнага гімна і майстар беларускай песні

Ва ўзросце 87 гадоў памёр паэт, перакладчык і народны паэт Беларусі Уладзімір Карызна. Пра гэта паведамілі СМІ са спасылкай на яго блізкіх.

Уладзімір Карызна з’яўляецца суаўтарам тэксту дзяржаўнага гімна Беларусі (на аснове верша Міхася Клімковіча). Аднак творчы шлях паэта ўбірае не толькі «найбольш вядомы твор», Уладзмір Карызна напісаў сотні вершаў да песен, вядомы ён і як перакладчык ды рэдактар.

Майстар беларускай песні

Нарадзіўшыся ў 1938 годзе ў вёсцы Закружка пад Мінскам, Уладзімір Карызна прайшоў шлях ад вясковага настаўніка да аднаго з самых запатрабаваных паэтаў-песеннікаў. Ён напісаў каля 200 песень, многія з якіх сталі сапраўднымі народнымі хітамі. Яго вершы пакладзены на музыку такімі класікамі, як Ігар Лучанок, Юрый Семяняка, Дзмітрый Смольскі, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў. Шмат песенных твораў на вершы свайго бацькі напісаў Уладзімір Карызна-малодшы. «Песняры», «Верасы» і многія іншыя легендарныя калектывы выконвалі песні на вершы паэта.

Сярод найбольш вядомых твораў: «Беларусь мая сінявокая», «Люблю цябе, Белая Русь» (музыка Юрыя Семянякі), «Азёры дабрыні» (на музыку Леаніда Захлеўнага) ды іншыя.У

Уладзімір Карызна з’яўляецца аўтарам больш дзесяці паэтычных зборнікаў, сярод якіх: «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досьвітак» (1969), «Сьвятло ліўня» (вершы і паэма, 1972),  «Музыка ў сьвеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мэлёдыя» (вершы, паэмы, песьні, 1988), «Хвіліна сьвятла» (Выбранае, 2003), «Зарніцы дзяцінства» (Выбранае, 2014).

Жыццё ў слове

Уладзімір Карызна шмат гадоў аддаў працы ў рэдакцыях Беларускага радыё (1967—1980, часопісу «Юнацтва» (1981—2001). Працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».

Таксама Карызна займаўся перакладамі, спрыяючы таму, каб беларускае слова гучала ў розных жанрах. У прыватнасці, Карызна перакладаў казкі Ганса Хрысціяна Андарсана, Братоў Грым.

Аўтар кніжак вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А.Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).

У 1996 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі, а ў 2024 годзе загадам Аляксандра Лукашэнка яму было прысвоена званне народнага паэта Беларусі. Ён стаў дзявятым творцам у гісторыі краіны, які атрымаў гэты тытул.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!