Фото: sudexpert.gov.by
У Пінскім і Столінскім раёнах Брэсцкай вобласці падчас правядзення земляных работ знойдзеныя касцяныя парэшткі, даўнасць пахавання якіх перавышае 80 гадоў, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
У Пінскім раёне жыхар, які капаў траншэю для пракладкі электрычнага кабеля на сваім участку, выявіў косткі і паведаміў пра гэта ў праваахоўныя органы. Экспертыза ўстанавіла, што парэшткі належаць не менш як пяці людзям.
У Столінскім раёне косткі былі знойдзеныя рабочымі падчас укладкі бетонных кольцаў каналізацыі. Паводле заключэння экспертаў, парэшткі належаць тром розным людзям.
У абодвух выпадках даўнасць пахаванняў складае больш за 80 гадоў, што паказвае на іх прыналежнасць да перыяду Другой сусветнай вайны, адзначылі ў ДКСЭ.
Паводле слоў экспертаў, падобныя знаходкі часцей за ўсё прыпадаюць на вясновы і восеньскі перыяды, калі актыўна вядуцца будаўнічыя, рамонтныя, палявыя і дарожныя работы — капанне траншэй, катлаванаў, узворванне, — падчас якіх і выяўляюцца схаваныя ў зямлі пахаванні.