Падазраваны ў шпіянажы супрацоўнік Мінабароны Польшчы ездзіў у Беларусь

Суд на тры месяцы арыштаваў супрацоўніка Міністэрства абароны Польшчы, падазраванага ў шпіянажы. Як даведалася польскае Radio Zet, мужчына ездзіў у Беларусь.

Пра затрыманне супрацоўніка Мінабароны паведамлялася 3 лютага. Яго падазраюць у супрацоўніцтве са службамі адной з дзяржаў «усходняга кірунку». Падазраваны прапрацаваў у Мінабароны 30 гадоў. У апошнія месяцы перад арыштам знаходзіўся пад поўным кантролем Службы ваеннай контрразведкі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі PAP, затрыманы быў супрацоўнікам Дэпартамента стратэгіі і абароннага планавання.

Як паведаміў намеснік міністра абароны Цэзары Томчык, затрыманы быў працаўладкаваны ў міністэрстве як грамадзянскі супрацоўнік. Сярод яго абавязкаў было вядзенне рэестра аб’ектаў, якія маюць асаблівае значэнне для бяспекі.

Вядома, што падазраваны выязджаў у Беларусь і нейкі час не мог адтуль вярнуцца, бо межы былі закрытыя.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!