Виктор Орбан. Фото: facebook.com/orbanviktor
Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан заявіў, што спыняе пастаўкі газу ва Украіну. Яны будуць адноўлены, калі Венгрыя зноў пачне атрымліваць нафту.
“Праца нафтаправода «Дружба» заблакаваная Украінай ужо 30 дзён. Да гэтага часу мы паспяхова абараняліся ад украінскага шантажу. Дзякуючы абароненым цэнам венгры плацяць самыя нізкія цэны на бензін на запраўках ва ўсёй Еўропе. Але мы павінны пайсці далей, каб прарваць нафтавую блакаду і забяспечыць энергазабеспячэнне Венгрыі. Зараз неабходныя іншыя меры, таму мы паступова спынім пастаўкі газу з Венгрыі ва Украіну, а астатні аб’ём газу будзе захоўвацца ўнутры краіны.
Пакуль Украіна не будзе пастаўляць нафту, Венгрыя не будзе даваць газ. Паколькі Украіна таксама атакуе паўднёвы газаправод, які забяспечвае Венгрыю, нам трэба стварыць рэзервы, таму замест паставак ва Украіну мы цяпер будзем запаўняць венгерскія газавыя рэзервуары, абараняць энергетычную бяспеку Венгрыі, падтрымліваць абароненыя цэны на бензін і зніжаныя цэны на газ”, – заявіў кіраўнік венгерскага ўрада.
Нагадаем, праца нафтаправода “Дружба” была парушана ў выніку расійскай атакі. Венгерскі бок настойвае, што нафтаправод насамрэч спраўны, а Украіна блакуе пастаўкі па палітычных прычынах. Між тым ЕС прапанаваў Украіне дапамогу ў рамонце трубаправода і, паводле заяў з Бруселя, Кіеў яе прыняў.
Трэба адзначыць, што 12 красавіка ў Венгрыі пройдуць парламенцкія выбары. Партыя Віктара Орбана пакуль саступае апазіцыі ў апытаннях грамадскай думкі.