Скриншот видео
Офіс Святланы Ціханоўскай гатовы ўзаемадзейнічаць з ЕГУ і міжнароднымі партнёрамі для захавання працы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, які ўчора быў прызнаны Вярхоўным судом Беларусі “экстрэмісцкай арганізацыяй”.
Сёння дырэктар Офіса Дзяніс Кучынскі сустрэўся з рэктарам ЕГУ Вілюсам Шадаускасам. Кучынскі ад імя Офіса выказаў словы падтрымкі. Ён падкрэсліў, што рашэнне аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй” з’яўляецца сур’ёзным ударам па акадэмічнай супольнасці і свабодзе адукацыі.
«Гэта, безумоўна, атака на акадэмічную супольнасць, на акадэмічную свабоду. Напэўна, наймацнейшы ўдар па ЕГУ з 2004 года, з часоў, калі ўніверсітэт быў вымушаны працягнуць сваю дзейнасць у выгнанні ў Вільні.
І для мяне таксама, як для выпускніка гэтага ўніверсітэта, маёй альма-матэр, гэта абсалютна ненармальная сітуацыя, якая не ўваходзіць ні ў якія межы.
Гэта таксама ўдар па Літве і сведчанне таго, што рэжым працягвае эскалацыю як унутры Беларусі, так і ў адносінах з міжнароднымі партнёрамі і суседзямі», – сказаў Кучынскі.
Паводле яго слоў, Офіс Ціханоўскай гатовы супрацоўнічаць з ЕГУ і міжнароднымі партнёрамі для пошуку рашэнняў, якія дазволяць універсітэту працягнуць сваю працу, нягледзячы на ціск з боку беларускіх уладаў.
У ЕГУ сёння таксама пракаментавалі рашэнне беларускага суда. Ва ўніверсітэце заявілі, што ён працягвае сваю дзейнасць у адпаведнасці з прынцыпамі адкрытага дыялогу, ведаў і свабоды слова.