Офіс Ціханоўскай апублікаваў канцэпцыю прыцягнення да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі

Апублікавана Канцэпцыя прыцягнення да адказнасці за рэпрэсіі ў Беларусі, падрыхтаваная юрыдычнай камандай Офіса Святланы Ціханоўскай.

Дакумент апісвае, як у будучай дэмакратычнай Беларусі могуць расследавацца грубыя парушэнні правоў чалавека, учыненыя пасля 2020 года. У канцэпцыі разглядаюцца роля пацярпелых, захаванне доказаў, права на праўду і кампенсацыю шкоды, а таксама нацыянальныя і міжнародныя механізмы прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Асаблівае месца ў дакуменце займае перспектыва стварэння гібрыднага трыбунала для Беларусі, які аб’яднаў бы нацыянальнае правасуддзе з міжнародным удзелам і экспертызай. Такі механізм разглядаецца як найбольш рэалістычная мадэль судовага пераследу асоб, адказных за найбольш цяжкія злачынствы, адзначылі ў Офісе лідара дэмсіл.

«Міжнародны крымінальны суд і Спецыяльны трыбунал па злачынстве агрэсіі супраць Украіны — вельмі важныя прыклады таго, як міжнародная супольнасць рэагуе на найцяжэйшыя злачынствы. Для Беларусі цяпер важна ўжо думаць пра наступны крок — механізм, які будзе працаваць у беларускіх умовах. Я лічу, што такой мадэллю можа стаць гібрыдны трыбунал, які аб’ядноўвае беларускую юрысдыкцыю і міжнародную экспертызу», — заявіў дарадца Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў.

Канцэпцыя даступная на трох мовах на сайце tsikhanouskaya.org.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!