Фото: Reform.by
Віцэ-прэм’ер расійскага ўрада Аляксандр Новак дапускае, што могуць быць уведзены дадатковыя абмежаванні на экспарт паліва. У прыватнасці, гаворка ідзе пра забарону вывазу дызельнага паліва для вытворцаў.
“Усё магчыма. Па меры неабходнасці могуць быць прынятыя і такія рашэнні. Пакуль такой неабходнасці няма”, — сказаў ён, перадае “Інтэрфакс”.
Цяпер у Расіі забаронены экспарт дызельнага і суднавага паліва, а таксама іншых газойляў для невытворцаў. Эмбарга на экспарт бензіну дзейнічае для ўсіх удзельнікаў рынку. Таксама днямі была ўведзена забарона на экспарт авіякерасіну для ўсіх удзельнікаў рынку.
Новак таксама прызнаў падзенне здабычы нафты ў Расіі.
“Цяпер здабыча сапраўды некалькі ніжэйшая, чым на пачатку года. Гэта абумоўлена тым, што ў нас шэраг нафтаперапрацоўчых заводаў знаходзіцца ў пазапланавых рамонтах. Мы, натуральна, максімальна загружаем экспартную інфраструктуру.
Па меры выхаду на працоўны рэжым здабыча будзе павялічвацца і выйдзе на тыя ўзроўні, якія былі. Гэта пастаянны рэжым працы. І кампаніі самастойна вызначаюць свае графікі”, — сказаў ён.
Віцэ-прэм’ер не назваў прычыну пазапланавых рамонтаў, якія ахапілі расійскія НПЗ. Аднак вядома, што ў апошнія тыдні многія з іх былі паражаныя ўкраінскімі беспілотнікамі. На гэтым фоне ў маі рэзка выраслі продажы беларускага паліва на Пецярбургскай біржы.