Новая Канстытуцыя ўступіла ў сілу ў Казахстане

У Казахстане з 1 ліпеня ўступіла ў сілу новая Канстытуцыя. Адначасова спыняе свае паўнамоцтвы двухпалатны парламент краіны.

Змены ў Канстытуцыю прадугледжваюць, што замест двухпалатнага парламента ў Казахстане будзе аднапалатны, які будзе абірацца выключна па партыйных спісах. Выбары ў яго павінны адбыцца цягам двух месяцаў. Прадугледжваецца абранне 145 дэпутатаў.

Таксама ў Казахстане засноўваецца вышэйшы кансультатыўны орган “Халык кенесi” (Народная рада), які надзяляецца правам заканадаўчай ініцыятывы. Ён ствараецца замест Асамблеі народаў Казахстана.

У новай Канстытуцыі таксама прадугледжана пасада віцэ-прэзідэнта. Ён будзе прызначаны цягам двух месяцаў пасля пачатку працы новага парламента.

“Сёння пачынаецца новая эра ў гісторыі суверэннага Казахстана. Мы выходзім на магістральны шлях паступальнага прагрэсу, палітычных і эканамічных рэформаў, маштабнай мадэрнізацыі. Гэты дзень азначае кардынальную перабудову палітычнай сістэмы, трансфармацыю ключавых інстытутаў дзяржавы і грамадзянскай супольнасці”, — заявіў у звароце да нацыі прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!