Джон Коул жмет руку Лукашенко. Фото: president.gov.by
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл адрэагаваў на пытанні пра тое, ці дапамагаў яму ў перамовах з Лукашэнкам адзін з прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года Валерый Цапкала. Раней Цапкала заявіў, што стэлефаноўваецца з Коўлам раз на тыдзень і дае яму парады.
«Паважаны містэр Коўл, ці можаце вы пацвердзіць або абвергнуць інфармацыю пра тое, што містэр Валерый Цапкала кансультаваў вас і дапамагаў вам у пытанні вызвалення палітычных зняволеных?» — задала пытанне спецпасланніку карыстальніца @fuck_gubop у сетцы X.
Праз некалькі гадзін Коўл адказаў: «Не, не дапамагаў. Гэтым займаліся я, прэзідэнт Трамп, Крыс Сміт і выдатная каманда ва ўрадзе ЗША».
Амерыканскага чыноўніка пачалі атакаваць пытаннямі пра Цапкалу пасля таго, як Валерый Вільямавіч зрабіў сенсацыйную заяву ў інтэрв’ю ютуб-каналу The Insider Live. Паводле слоў Цапкалы, ён прымаў актыўны ўдзел у вызваленні палітвязняў і пастаянна знаходзіцца ў кантакце з Коўлам.
«Мы дзесьці з ім стэлефаноўваемся прыкладна раз на тыдзень. Я яго прасіў ніякім чынам гэтую тэму не выводзіць, так бы мовіць, у палітычны аспект і не сустракацца нават з Ціханоўскай. Па той простай прычыне, што я разумеў, што гэта сарве дыпламатычныя намаганні, якія ўжо пачаліся, бо яны б адназначна гэта прыпісалі б сабе, і калі б такое адбылося, то гэта адразу спыніла б вось гэты працэс вызвалення палітычных зняволеных», — заявіў Цапкала.
Варта адзначыць, што Валерый Цапкала не адзіны, хто абвясціў пра свой удзел у лёсе палітвязняў. Яго паплечнік «палітолаг» Дзмітрый Балкунец таксама сцвярджае, што наўпрост уплываў на рашэнні прэзідэнта ЗША. Аказваецца, менавіта дзякуючы Балкунцу Трамп патэлефанаваў Лукашэнку. Пра гэта Дзмітрый заявіў у эфіры ютуб-каналу «І Грянул Грэм» 15 снежня.
«Яшчэ адзін важны аспект адбыўся 15 жніўня бягучага года. Я накіраваў ліст ад імя Беларускага дэмакратычнага форуму прэзідэнту Трампу — ён тады знаходзіўся ў самалёце, ляцеў на Аляску. Гэты ліст трапіў яго дарадцам. Літаральна праз дзве гадзіны Трамп патэлефанаваў Лукашэнку. Гэта быў першы званок у гісторыі ад імя прэзідэнта ЗША на адрас Лукашэнкі. Ніхто за 31 год яму ніколі не тэлефанаваў. Пасля гэтага яшчэ больш усё закруцілася», — заявіў Балкунец.